На адной сцяне – дзяўчынка гушкаецца на Месяцы, на другой – усміхаецца гном, па трэцяй – крадзецца тыгр, а на чацвертай сцяне раскінула галінкі дрэва. Гэта не апісанне казачнага палаца. Гэта пакой у звычайнай дзевяціпавярхоўцы ў Маладзечне. А жыве тут мастачка Вікторыя Капуцкая.

Роспіс сцен – не адзінае захапленне дзяўчыны. Па ўсёй кватэры – штучныя кветкі, вырабы з саломкі, тканіны,  выцінанка, карціны.

Ці малявала Вікторыя ў дашкольным узросце, яна не памятае. А вось у пачатковай школе талент да малявання пачаў праяўляцца.

Здольнасці дзяўчынкі ўбачыла настаўніца пачатковых класаў маладзечанскай школы №2 Алена Грыб. Яна параіла маме адвесці таленавітую дачку ў мастацкую школу. Але па ўзросце Віка не падыходзіла: вучняў пачатковых класаў у мастацкую школу не бралі.

Дзверы ўпрыгожвае выцінанка.

Дзверы ўпрыгожвае выцінанка.

Прыйшлося чакаць пятага класа. Але Віка не губляла час. Шмат малявала. Перамалёўвала карцінкі з кніжак. У альбоме дзяўчынкі з’яўляліся героі Мікалая Носава з твора “Нязнайка і яго сябры”, жывёлы і кветкі.

У сям’і, кажа Вікторыя, ніхто не маляваў. А сярод далёкіх сваякоў па бацькавай лініі былі тыя, хто захапляўся жывапісам. Да таго ж мама Вікторыі добра шые. У маладосці сама сабе стварала адзенне.

Выраб штучных кветак  – яшчэ адно захапленне мастачкі.

Выраб штучных кветак – яшчэ адно захапленне мастачкі.

Калі Вікторыя заканчвала 10 класаў, яна даведалася што ў Маладзечанскім музычным вучылішчы, цяпер гэта каледж імя Агінскага, адкрылі аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Выбар навучальнай установы быў відавочны.

Нехта маляваў, а нехта загараў: як праходзілі пленэры маладых мастакоў

Аднак якраз у гэты час у дзяўчыны невядома адкуль з’явілася сур’ёзная хвароба – рассеяны склероз. Пачаліся праблемы з рукамі.

– Дактары вельмі здзіўляліся тады, чаму рассеяны склероз у мяне пачаўся з рук, – расказвае Віка. – Звычайна пры такой хваробе адразу церпяць ногі.

Калекцыю лялек Віка збірае разам з мамай. Фота Аксаны Ярашонак.

Калекцыю лялек Віка збірае разам з мамай. Фота Аксаны Ярашонак.

Дзякуючы дапамозе дактароў і розным лекам-гармонам рукі дзяўчыны ўратавалі. Далі даведку пра тое, што яна можа паступаць на аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Там Віка набывала спецыяльнасць “саломапляценне, лён і выцінанка”.

Для карціны пазіраваў сапраўдны папугай.

Для карціны пазіраваў сапраўдны папугай.

На маё пытанне, ці трэба мастаку прафесійная адукацыя, Вікторыя адказвае адназначна: трэба. Калі чалавек малюе, ён павінны ведаць асноўныя прынцыпы пабудовы карціны, асаблівасці колераў і адценняў.

Нягледзячы на тое, што будучая прафесія Вікторыі напрамую не была звязаная з жывапісам, у вучылішчы шмат малявалі. Разам з выкладчыкам і мастаком Генадзем Селядцом ездзілі на пленэры ў Заброддзе на Вілейшчыну і ў Залессе – месца, звязанае з жыццём Міхаіла Клеафаса Агінскага.

– На пленэрах хто чым займаўся. Нехта маляваў, а нехта загараў, – успамінае Вікторыя. – Я была сярод тых, што малявалі. Але пасля пленэру абавязкова трэба было здаць пэўную колькасць работ. Хто не працаваў на прыродзе, малявалі або па памяці, або па фотаздымках.

Дзяўчына была на чацвертым курсе, калі хвароба з новай сілай нагадала пра сябе. Амаль увесь апошні год Вікторыя навучалася дома. І тут рыхтавала сваю дыпломную працу – саламянага каня Пегаса – сімвала творчасці і натхнення.

Вікторыя прызналася, што яе вельмі вабіў вобраз Цмока. Менавіта яго яна хацела сплесці з саломы ў якасці дыпломнай працы. Аднак выкладчыкі сказалі, што персанаж гэты злосны і параілі ўзяцца за Пегаса.

Саламяны Пегас застаўся ў вучылішчы. Але цяпер у пакоі шмат іншых саламяных вырабаў: кажан пад столлю, муха з вялікімі крыламі на сцяне, кветкі.

І яшчэ адзін гадаванец стаў мадэллю.

І яшчэ адзін гадаванец стаў мадэллю.

Пляце Віка не толькі з саломы: засвоіла тэхніку пляцення з газет. Па словах дзяўчыны, з газеты плесці куды лягчэй, чым з саломы. Газетныя званочкі і вялікая падкова ўпрыгожваюць пакой дзяўчыны.

Ёсць фігуркі з лёну: дамавік і яго жонка. Віка расказала, што падобныя фігуркі падарыла неяк сваячцы. А ў той у доме прарвала стаяк. Усе кватэры заліло, а кватэру з дамавымі – не. Сваячка ўпэўненая, што так атрымалася дзякуючы казачным істотам.

Маляваць на шпалерах можна не толькі ў дзіцячым узросце

Калі Віка была на другім курсе, на сцяне ў яе пакоі з’явілася дзяўчына, якая гушкаецца на Месяцы.

– Хацелася размаляваць пустую сцяну. На шпалерах акрамя календара нічога не было, – расказвае Віка. – Папрасіла ў мамы дазволу што-небудзь намаляваць.

Мама адразу не пагаджалася, а потым дазволіла. Нават сама купіла гірлянду з матылькамі, якой упрыгожылі месяц.

Гэта стала пачаткам. Паступова на сценах пасяліліся тыграня і казачны гном. Гнома Віка падгледзела на абгортцы ад дзіцячага туалетнага мыла і адразу ўявіла, дзе ён павінны быць. А ля дзвярэй “вырасла” маляванае дрэва. Лістота на ім – амаль сапраўдная. Гэта засушаныя лісты ад фікуса.

Пытаюся ў Вікторыі, якія мастакі ёй падабаюцца.

Дзяўчыне блізкі традыцыйны рускі жывапіс, карціны Ільі Рэпіна, Івана Айвазоўскага.

 – А Казімір Малевіч і Васіль Кандзінскі – гэта дакладна не маё, – кажа Вікторыя. – Не вельмі люблю абстракцыянізм.

Намаляваць пейзаж з натуры… Пра гэта цяпер магу толькі марыць

Сама Віка малюе гуашшу. Да алею, кажа, яшчэ “не дарасла”. Ды і ўмоў няма. У алейных фарбаў рэзкі спецыфічны пах. Таму ў жылых памяшканнях імі звычайна не малююць.

На карцінах маладой мастачкі – шмат разнастайных пейзажаў: на адной карціне ярка-чырвоныя макі, на другой – буяе летняя зеляніна.

Крылы для кажана Вікторыя зрабіла з уласнай гепюравай кашулі.

Крылы для кажана Вікторыя зрабіла з уласнай гепюравай кашулі.

Па словах Вікторыі, сюжэты для сваіх пейзажаў яна падглядае ў інтэрнэце. Бо па-іншаму ніяк. З балкона – від на чыстае поле. А пра тое, каб убачыць прыроду “ўжывую”, дзяўчына можа толькі марыць. Самастойна яна не ходзіць ўжо некалькі год.

На вуліцу выбіраецца толькі ў зусім неабходных выпадках. Напрыклад, калі трэба ў стаматалагічную паліклініку. Тады прыходзіцца маме звяртацца да сяброў з машынай.

– Неяк летам было вельмі добрае надвор’е, – успамінае Віка. – І вырашылі мы з мамай ехаць сваім ходам, на інвалідным вазку.

Па словах дзяўчыны, яны тады ледзь даехалі. Сама стаматалагічная паліклініка добра абсталяваная для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, але даехаць туды з Крынічнай вельмі цяжка. Усюды высокія бардзюры і пандусаў вельмі мала. Тут, на думку Вікторыі, у нашым горадзе трэба яшчэ шмат працаваць.

Ільготы, кажа Віка, як бы ёсць, але як бы і няма. Тыя лекі, якія выдаюць бясплатна, дзяўчыне не дапамагаюць. А за лепшыя трэба плаціць.

Дамавік з жонкаю.

Дамавік з жонкаю.

Наколькі сумяшчальныя творчасць і хвароба? Вікторыя лічыць, што творчасць, перш за ўсё, дапамагае ёй “не грузіцца”. Не думаць, чаму з ёй так сталася.

Свае працы Віка дорыць сябрам, у знак удзячнасці. Часам сястра звяртаецца, каб Віка зрабіла што-небудзь у падарунак для яе знаёмых.

Два разы працы мастачкі выстаўлялі ў маладзечанскім Палацы культуры, са сваімі карцінамі Вікторыя паспяхова ўдзельнічала ў  творчым конкурсе “Час жыць”. Пра гэта нагадвае дыплом на сцяне і гадзіннік з эмблемай конкурсу.