– Мне проста нецікава атрымліваць тое, што магу купіць сама, –  расказвае маладзечанка Наталля Цар. – Адна з першых паштовак была з выявай музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага. Гэта зусім не тое, чаго чакала, маладзечанцы адправіць фота яе роднага горада.

Раней у газетах былі рубрыкі з адрасамі лю­дзей, якія хацелі перапісвацца. Па перапісцы ў Наталлі былі дзве сяброўкі, часам пісала яшчэ некалькім.

 – Пасталеўшы, кінула гэты занятак, – дзеліцца жанчына. – Незнаёмаму чалавеку не раскажаш пра свае клопаты, перажыванні, не спытаеш парады. А пісаць агульныя фразы, які сэнс у такой перапісцы. Знайшла аналагічны варыянт – посткросінг.

У калекцыі маладзечанкі ёсць паштоўкі з Аўстрыі, Германіі, Нарвегіі, Кітая, Егіпта і іншых краін свету, але больш за ўсё з Расіі.

Каля чатырох паштовак яна адпраўляе ў месяц, столькі ж прыблізна і атрымоўвае. Ужо назбіралася тры каробкі.

– Асабліва ўразіла паштоўка з Сібіры, – паказвае Наталля. – Дзяўчына раздрукавала малюнак, які зрабіла малодшая сястра, на ім цёпла апранутая дзяўчынка з санкамі. Адчувалася, што чалавек падумаў перад тым, як адправіць.

Атрымліваю паштоўку і адразу маю ўяўленне аб краіне

Маладзечанка Наталля Цар – актыўная ўдзельніца посткросінгу. Фота Галіны Судніковіч.

Маладзечанка Наталля Цар – актыўная ўдзельніца посткросінгу. Фота Галіны Судніковіч.

Выявы на паштоўках – гэта не проста прыгожы малюнак, дзякуючы яму чалавек атрымоўвае першае ўяўленне пра пэўную краіну, яе асаблівасць, многае можа расказаць і марка.

– Напрыклад, на паштоўках з Нідэрландаў рознакаляровыя драўляныя чаравічкі, – прыгадвае Наталля. – Спачатку здзівілася, чаго менавіта такая ілюстрацыя, адказ знайшла з адваротнага боку. Чаравічкі называюцца кломпы – гэта традыцыйны галандскі абутак. Клімат Нідэрландаў вільготны, а драўляны абутак добра абараняе ад вільгаці і зімовага холаду дзякуючы тоўстай падэшве. Раней іх насілі пераважна бедныя. Кломпам надавалі вялікае значэнне, першую пару рабілі адразу ж пасля нараджэння дзіцяці. А калі малады чалавек дарыў дзяўчыне ў падарунак чаравічкі, гэта было аналагам прапановы рукі і сэрца. Турысты, якія прыязджаюць у Нідэрланды, не абыходзяць сувенірныя кломпы. 

На паштоўках з Нідэрландаў рознакаляровыя драўляныя чаравічкі. Фота liveinternet.ru

На паштоўках з Нідэрландаў рознакаляровыя драўляныя чаравічкі. Фота liveinternet.ru

Праз паштоўкі расказвае пра Беларусь

У паштоўках, якія адпраўляе ў іншыя краіны, стараецца расказаць, дзе знаходзіцца краіна, у якой жыве.

– Часам малюю рамонак, у цэнтры ўпісваю Беларусь, а па баках – краіны-суседкі. Малюнак добра паказвае, што мы не толькі ў цэнтры гэтых краін, але і ў цэнтры Еўропы, – дзеліцца маладзечанка.

На адваротным баку паштоўкі складае спіс таго, што абавязкова трэба зрабіць  у Беларусі:

1. Наведаць Белавежскую пушчу.

2. Сустрэць світанак на адным з трох тысяч азёр Беларусі.

3. Пабачыць белавежскага зубра.

4. Прагуляцца па адным з замкаў.

5. Паесці дранікаў.

6. Пачытаць кнігу ў Нацыянальнай бібліятэцы.

Сярод парадаў, якія дае маладзечанка турыстам, сустрэць світанак на адным з трох тысяч азёр Беларусі. Фота falvar.com.

Сярод парадаў, якія дае маладзечанка турыстам, сустрэць світанак на адным з трох тысяч азёр Беларусі. Фота falvar.com.

Колькі трэба грошай на захапленне

Маладзечанка прызнаецца, яе захапленне адносна недарагое. Адна паштоўка каштуе прыблізна 1 рубель 50 капеек плюс марка.

– Але ж справа не ў грашах, гэта такое шчасце атрымаць узамен паштоўку з іншай краіны, з іншага кантынента, – дзеліцца Наталля. – Кожная паштоўка – гэта сюрпрыз: ніколі не ведаеш, з якой ілюстрацыяй яна будзе, з якой краіны свету. Асабліва прыемна, калі выбіраеш паштоўку, а пасля ў адказ атрымліваеш ліст з падзякай, наколькі чалавеку спадабалася. Пасля такога ажно крылы вырастаюць.

Жанчына ўпэўненая, калі ты хочаш адчуваць сябе шчаслівым, у першую чаргу трэба самой дарыць больш святла. Прынось задавальненне сам, і ты яго атрымаеш.

– Займаючыся посткросінгам, я зразумела, што кожны чалавек некаму патрэбны і калі самому выходзіць на кантакт з іншымі людзьмі, то жыццё не будзе падавацца такім змрочным, – раіць  жанчына.

Даведка “РГ”. Посткросінг – магчымасць абменьвацца паштоўкамі з людзьмі з розных краін свету. Для гэтага неабходна зарэгістравацца на спецыяльным сайце. Адразу ж табе дасылаюць некалькі адрасоў, па якіх можна адправіць паштоўку. Іншыя ўдзельнікі атрымліваюць твой адрас. Паштоўка павінна быць адзінарная, без канверта. На пачатак 2016 года ў праекце былі зарэгістраваныя 600 000 чалавек з 210 краін свету. Беларусь – восьмая краіна свету па колькасці адпраўленых паштовак і колькасці карыстальнікаў.