Каля гадзіны ночы на Цэнтральнай плошчы горада было амаль бязлюдна. 

Але паступова на гукі навагодніх песень, якія даносіліся з дынамікаў на плошчы, сталі збірацца сем’і з малымі дзеткамі, шумныя кампаніі падлеткаў, пары ва ўзросце.

І ў гадзіну ночы спявак Павел Данілаў выйшаў на сцэну і першым павіншаваў маладзечанцаў з Новым годам.

І вось тут адбылася першая таямніца Новага года. 

Непадалёк ад плошчы з’явіліся вялізныя літары са снегу: “ЛІЗА”. 

Чаму Ліза? Чаму не Снягурачка? Чаму не з Новым годам?

Адказаў на гэта пытанне хлопец Віктар, які сачыў за тым, каб літары не разбурылі.

– Шкада, што так мала снега. Так бы было слова Лізавета, – расказаў Віктар.

Ён спецыяльна прыйшоў на плошчу загадзя, каб зрабіць сюрпрыз дзяўчыне.

– Яна не мая дзяўчына, проста дзяўчынка, якая мне падабаецца. Захацелася зрабіць ёй прыемнае. Але вось ці прыйдзе яна, я не ведаю. 

А ў гэты час на сцэну выйшлі артысты Палаца культуры, каб рассмяшыць царэўну Несмяяну.

Забаўляльная праграма з песнямі, жартамі і конкурсамі для тых, хто не пажадаў сустракаць Новы год перад тэлевізарам, праходзіла весела, шумна.

Трэба сказць, што перад уваходам на плошчу дзяжурылі ахоўнікі парадку, так што ў месцы святкавання не было шанцу ні ў пятардаў, ні ў іншых забароненых рэчаў.

Маладзечанцы танцавалі і віншавалі адзін аднаго са святам. 

Васьмігадовы Саша, што прыйшоў на свята разам з бацькам Яўгенам, павіншаваў усіх гараджан са Святам і пажадаў верыць у цуды.

Калі я ўжо ішла дамоў, заўважыла, што Віктар па-ранейшаму чакаў Лізавету, а са сцэны артысты ўсё спрабавалі рассмяшыць Несмяяяну.

Паважаныя чытачы, калі вам вядома, ці прыйшла дзяўчынка, і ці рассмяшылі царэўну, раскажыце пра гэта ў каментарах.

Цікава ж…