У захапленні Паўла Асіповіча дзіўна ўсё: і тое, што ён гадуе на сваім падворку 15 пеўняў розных парод, і тое, што займаецца гэтым столькі, колькі сябе памятае, і тое, што жыве Павел амаль у цэнтры горада, па Вялікім Гасцінцы.
Гарадскія пеўні адчуваюць сябе добра, нават у снежні гуляюць па двары, спяваюць.
– У нас па суседстве жывуць людзі, якія прыязджаюць толькі на лета, але тады на маіх гадаванцаў скардзяцца, маўляў, спаць не даюць, – расказвае Павел. – І сапраўды, яны ж спяваюць цэлую ноч, а было іх у мяне летам 50 штук.
Дарослы пародзісты певень на рынку каштуе 30 рублёў.
– Гаспадары, вядома, выбіраюць свойскую птушку, хаця каштуе яна ў разы даражэй, чым з фабрыкі.
Куранятаў жа прадаюць па два рублі за штуку.
– Сезон на куранят пачынаецца ў красавіку і доўжыцца да кастрычніка. У гэты час за выхадныя я прадаю да 100 куранят. Таму гэта адзіная мая работа, якой я зарабляю на жыццё.
Павел прызнаецца, што яго пеўняў на рынку цэняць, некаторыя спецыяльна прыязджаюць па пародзістых пеўняў.
А выбраць ёсць з чаго. Вось па двары ходзіць вялізны бліскучы певень – гэта Маран. А вунь бегаюць чорна-белыя дробныя пеўнікі – гэта Гамбургскія.
Аднак любімчыкі ў Паўла пеўні Паўлаўскай пароды. Яны пярэстыя, з чубком на галаве.
Ёсць у гаспадарцы і не зусім звычайныя, напрыклад, бясхвостая парода – Араўканы.
У іх круглы азадак. А яшчэ куры гэтай пароды нясуць незвычайныя зеленаватыя яйкі.
Павел прызнаецца, што на навагоднім стале кураціны ў яго не будзе.
– Па-першае, гэта таму, што ўсё ж не трэба, каб сімвал Новага года быў на талерцы, а па-другое, мы не так даўно забілі кабанчыка, так што кураціны і не трэба.
У Паўла на падворку акрамя пеўняў бегаюць і рохкаюць кабанчыкі. Калі Павел сыпануў курам збожжа, адзін з іх частаваўся разам з птушкамі.
На пытанне, ці шмат часу адбірае ў Паўла яго захапленне, гаспадар шчыра прызнаецца:
– Летам я не заходжу ў дом увогуле, няма часу, нават абедаю на вуліцы. Бывае, што праводжу санітарныя дні, калі трэба пачысціць усе клеткі.
Вы думаеце, што Павел абмежаваўся ў сваёй гаспадарцы толькі курамі і свіннямі?
А што вы скажаце на тое, што
па Вялікім Гасцінцы “прапісаныя” індыкі, качкі, гусі, фазаны, перапёлкі, трусы і нават марскія свінкі, а таксама сабака і тры каты?
– Ката аднойчы ледзьве не забіў, вырваў у мяне з рук малога трусіка і задушыў яго, – абураецца Павел. – Смяротныя выпадкі ў нас здараюцца рэгулярна, і не без дапамогі гэтага рыжага драпежніка, што шнуруе туды-сюды па двары.
Паўлу налета споўніцца 30 гадоў. Але сабе ён ужо зрабіў цудоўны падарунак – набыў хутар у Смаргонскім раёне.
– Вясной думаем з жонкай перабірацца туды. Гаспадарку ўсю перавязём, тады можна будзе думаць і пра тое, каб завесці карову, бо мяса і яйкі ў нас ёсць, а па малако пакуль трэба ўсё ж хадзіць у магазін.