Фігурку з трох шарападобных часціц дыяксіду крэмнія агульнай вышынёй менш за тры мікроны стварылі навукоўцы з Універсітэта Заходняга Антарыё.

Навукоўцы паставілі адзін на адзін тры “шарыкі” дыяксіду крэмнія памерам 0,9 мікрон і сфакусаваным іённым пучком выразалі ў верхнім вочы і рот. Рукі і нос “снегавіка” выкананы з плаціны.

Разгледзець яго можна толькі праз электронны мікраскоп – яго памер у дзясяткі разоў меншы таўшчыні чалавечага воласа (75 мікрон).

На сёння гэта самая маленькая фігурка, якая адабрала званне рэкардсмена ў свайго папярэдніка вышынёй дзесяць мікрон. У чалавечым арганізме дыяксід крэмнія знаходзіцца ва ўсіх тканінах, ён адыгрывае важную ролю ва ўтварэнні калагена.

Паводле “Нашай Нівы”.