Рэкамендуецца насіць свабоднае адзенне і абутак: гэта спрыяе нармальнай цыркуляцыі крыві. Вопратка абавязкова павінна быць непрамакальнай. У боты трэба пакласці цёплыя вусцілкі, а замест баваўняных шкарпэтак надзець ваўняныя – яны ўбіраюць вільгаць.

– Як толькі вы адчулі пераахаладжэнне або замярзанне канцавін, неабходна як мага хутчэй зайсці ў любое цёплае месца – краму, кафэ, пад’езд, – сказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Людміла Жылевіч.

Медыкі не рэкамендуюць насіць на марозе металічныя ўпрыгажэнні, каб пазбегнуць халадавых траўмаў.

Абмаражэнне нярэдка падступае непрыкметна, без болю, таму неабходна часцей правяраць адчувальнасць скуры твару, пастаянна варушыць пальцамі рук і ног. Пры моцным ветры лепш атуліць твар шалікам. Пажадана больш рухацца. Абмаражэнню часцей за ўсё падвяргаюцца пальцы ног і рук, нос і вушы.

Не варта курыць, бо курэнне памяншае перыферыйную цыркуляцыю крыві, што робіць канцавіны больш уразлівымі да абмаражэння. Абмаражэнню спрыяюць і вільготнасць паветра, паслабленне здароўя хворага, алкагольнае ап’яненне. Верагоднасць абмаражэння на ветры значна вышэйшая.

Паводле “Нашай Нівы”.