Наколькі актуальная для вёсак Вілейшчыны праблема старых дамоў?

Па словах Аляксандра Маліноўскага, старшыні Даўгінаўскага сельсавета, праблема старых дамоў тут надзвычай актуальная. На тэрыторыі шмат вёсак.

– Як ні балюча пра гэта гаварыць, але многія вёскі дажываюць, – дзеліцца старшыня.

Прызнанне дома старым прыбавіць клопатаў сельсавету

Па яго словах, у вёсках, што стаяць на беразе Віліі, як, напрыклад, Камена, праблем са старымі недагледжанымі дамамі няма. Шмат хто хоча набыць іх у вёсцы побач з ракой і лесам.

А вось, што да вёсак на мяжы з Віцебскай вобласцю, на іх попыту няма.

Гаспадары хат паміраюць, а дзеці не хочуць уступаць у спадчыну.

І гэта таму, лічыць Аляксандр Маліноўскі, што, калі дзеці афармляюць дом у спадчыну, яны павінны плаціць падаткі за яго. І не маленькія. Бацькі, якія жылі тут, грошай не плацілі, бо пенсіянераў вызваляюць ад такіх падаткаў.

Дзеці разумеюць, кажа старшыня, што часта стары бацькоўскі  дом немагчыма прадаць. Раз у год яны прыязджаюць, абкошваюць участак. І ніякіх прэтэнзій, калі ў двары абкошана, сельсавет прад’явіць не можа.

– Безумоўна, мы працуем са спадчыннікамі, адшукваем іх, прапануем афармляць у спадчыну дом. Але чалавек можа сказаць, што цяпер у яго няма грошай на афармленне. І прымусіць яго мы ніяк не можам, – кажа Аляксандр Маліноўскі.

Часам дзеці пішуць дакументы, у якіх адмаўляюцца ад дома. Тады непатрэбнае старое жытло можна знесці. Работнікі сельсавета робяць гэта з дапамогай спецыяльнай тэхнікі. Драўніну аддаюць на дровы калгасу або старым людзям.

Кінутая хата ў Бараўцах на Вілейшчыне. Фота Ігара Мароза.

Кінутая хата ў Бараўцах на Вілейшчыне. Фота Ігара Мароза.

Можна, канешне, без спадчыннікаў афіцыйна прызнаць жытло старым і знесці яго, але гэта не лепшы варыянт, упэўнены старшыня Даўгінаўскага сельсавета. Працэдура зойме каля двух гадоў.  Плюс матэрыяльныя выдаткі.

Суд афіцыйна прызнае дом старым. А ў выніку яго “павесяць” на сельсавет. Супрацоўнікам трэба будзе рабіць пашпарт на дом, бо ў большасці яго няма. А тады зноў, кажа старшыня, трэба думаць, што рабіць з гэтым дамком. Добра, калі яго купяць з аўкцыёна. Але гэта мала верагодна. Атрымаецца, што бюджэтныя грошы ў зямлю закапалі.

Пакупнікоў вабіць прырода і блізкасць да сталіцы

Па словах Аляксандра Маліноўскага, у іншых сельсаветах былі выпадкі, калі пасля афіцыйнага зносу старога дома раптам з’яўляліся спадчыннікі і падавалі ў суд на ўлады.

Пэўныя праблемы, на думку Аляксандра Маліноўскага, узнікаюць, што па дакументах людзям, каб уступіць у спадчыну, даецца тры гады. Гэта вельмі шмат, упэўнены старшыня.

У Ільянскім сельсавеце, расказаў старшыня Мікалай Русак, праблема старых будынкаў не вельмі вострая, але ёсць. За гэты год у вёсках сельсавета знеслі восем дамоў. Афіцыйна старымі прызнаныя 22.

Калі магчымыя спадчыннікі пішуць адмову ад дома, яго зносяць. Участак на тым месцы прыводзяць у парадак. Увесь матэрыял, які можна выкарыстаць, бяруць для ацяплення фермаў.

Часам участак ад знесенага дома сельсавет можа прадаць. Па словах Мікалая Русака, участкі ў вёсках сельсавета цяпер недарагія. Але і вялікага попыту на іх няма.

Адмовы ад спадчыны здараюцца ў бесперспектыўных вёсках, дзе няма добрай інфраструктуры. У Ільі ж дамы звычайна набываюць для лецішча: аграгарадок гэты ўпарадкаваны, ёсць магазіны. Побач лес, рака, вадасховішча. Ды і блізкасць ад сталіцы вабіць пакупнікоў.

– Як старшыня Вілейскага Савета дэпутатаў, я зацікаўленая ў тым, каб дамы ў вёсках не зносілі, а набывалі. – кажа Наталля Радзевіч.

Па яе словах, дачнікі заўсёды добра даглядаюць дамы. І тады яны ўпрыгожваюць вёскі.

У Вілейскім раёне за 11 месяцаў гэтага года знеслі 52 дамы.

У самой Вілейцы, па словах галоўнага архітэктара Дзмітрыя Гарланава, афіцыйна дамы старымі не прызнавалі.