Галоўны ветэрынарны доктар Валожынскага раёна Сяргей Шупенька спяшаецца супакоіць жыхароў Валожыншчыны:
– За год мы фіксуем ад 8 да 20 выпадкаў шаленства. Сёлета іх было дзевяць. Але гэта не значыць, што трэба расслабляцца, бо шаленства – хвароба небяспечная і нават смяротная.
Сяргей Шупенька расказвае, што ў лясных масівах ветэрынарная служба рэгулярна з паветра раскідвае прынады для драпежнікаў з вакцынай ад шаленства. Лясгасы праводзяць планавы адстрэл жывёл.
А калі раптам у ветэрынарную службу паступае паведамленне з населенага пункта пра тое, што там бачылі звера з падазрэннем на шаленства, туды тут жа выязджаюць ветэрынары і санстанцыя. Праводзіцца бясплатная вакцынацыя свойскіх жывёл.
Часцей за ўсё трапляюцца шалёныя лісіцы.
– Гэта тлумачыцца тым, што амаль не засталося паляўнічых, якія палююць менавіта на лісіц. Таму што патроны каштуюць даражэй, чым потым прадаць шкурку лісіцы.
Калі ўзнікае небяспека шаленства, трэба памятаць наступнае:
– Калі вас укусіла жывёла, неабходна старанна прамыць рану цягам не менш за 15 хвілін струменем вады з мылам, апрацаваць краі раны 5% настойкай ёду і неадкладна звярнуцца ў медыцынскую ўстанову.
– Калі вы заўважыце жывёлу з прыкметамі шаленства ў населеным пункце, неадкладна паведаміце пра гэта ў МНС, лясгас або ветэрынарную службу.