У Маладзечне, паведамілі ў бальніцы, за мінулыя суткі з абмаражэннямі звярнулася тры чалавекі: адзін – учора, два – сёння раніцай. Усім аказалі першую дапамогу, нікога не шпіталізавалі.
У Вілейцы быў адзін пацыентаў з абмаражэннем.
Для таго, каб не пацярпець ад марозу, доктар-валеолаг вілейскай бальніцы Мікалай Кежун раіць прытрымлівацца простых правіл:
1. У моцны мароз не знаходзіцца на вуліцы больш за 15-20 мінут.
2. Выходзіць з дому трэба ў цёплай вопратцы. Пры гэтым апранацца ў некалькі слаёў. Абутак павінен быць сухім, на падэшве каля двух сантыметраў і не цесным. Калі абутак малы па памеры, парушаецца кровазабеспячэнне, і абмаражэнне надыходзіць хутчэй. Для такога надвор‘я лепш падыходзяць цёплыя шарсцяныя шкарпэткі і рукавіцы, а не пальчаткі. У рукавіцах рукі лепш саграваюцца. Твар трэба прыкрываць каўняром вопраткі ці рукамі. Дзецям твар трэба абкруціць шалікам. Скуру перад выхадам на вуліцу варта намазаць тлустым крэмам.
3. У мароз нельга ўжываць алкаголь. Ён дае эфект сагравання толькі ў першыя хвіліны. Затым чалавек замярзае хутчэй.
Трэба памятаць, што абмаражэнне ў сталых людзей надыходзіць хутчэй, чым у маладых.