Восенню мінулага года пісьменнік і навуковец, ураджэнец Астраўца Адам Мальдзіс публічна заступіўся за старыя дубы, якія пачалі высякаць у горадзе з-за новабудоўлі.
У нядаўняй размове з карэспандэнтамі “Рэгіянальнай газеты” пісьменнік расказаў, што на сённяшні дзень сітуацыю з дубамі ў Астраўцы ўзялі пад навуковы кантроль.
– Я патэлефанаваў у інстытут батанікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, – распавёў Адам Іосіфавіч. – Там ёсць супрацоўнікі, якія адказваюць за старыя насаджэнні дрэў у Беларусі. У інстытуце сказалі, што маё ўмяшанне было правільным, паабяцалі разабрацца і навесці парадак.
У інстытуце батанікі сітуацыю ў Астраўцы абмеркавалі на навуковым узроўні.
Тое, што дубы пакінуць, ніяк не супярэчыць увасабленню праекта, а нават дапаўняе яго, лічыць Адам Іосіфавіч. Проста трэба ўдала спалучыць адно з другім. І вырашэнне ёсць.
Я хачу давесці мясцовым уладам у Астраўцы, што ніякага канфлікту ў сітуацыі з дубамі няма, кажа Адам Мальдзіс.
Невялікае змяненне будаўнічага праекта толькі станоўча паўплывае на развіццё раённага цэнтра. Яно ніяк не супярэчыць з’яўленню новага жылога мікрараёна ў Астраўцы.
Навуковец упэўнены, што ніхто не будзе супраць жыць у новым доме, пад вокнамі якога расце дуб 200-гадовай даўніны.