Ужо другі дзень запар у Астраўцы па вуліцы Кастрычніцкай вечарам няма ні халоднай, ні гарачай вады.

– Вады не было ў нядзелю, 15 студзеня, ад 21:00 і амаль да 23:00, – адзначае маладая мама Вольга Шчарбіна. – У панядзелак тое ж самае, ваду чакалі амаль да паўночы. Камунальныя службы хаця б папярэдзілі пра адключэнне. У мяне, напрыклад, маленькія дзеці, якіх трэба і памыць, і папіць даць.

Як патлумачыў дыспетчар жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мар’ян Субаткевіч, на свідравіне была паломка. Праз гэта і былі перабоі з вадой.

– Сёння спецыялісты паехалі па запчасткі ў Мінск, – расказвае спецыяліст. – Да вечара ўсё адрамантуюць, перабояў з вадой не будзе. Ніхто не чакаў, што адбудзецца паломка, таму мы не змаглі папярэдзіць жыхароў пра нязручнасці.