У адзін час, ад 9 да 13 снежня, на Міншчыне і Гродзеншчыне адбыўся трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.
Як быў прадстаўлены наш рэгіён? Ці ёсць вынікі, якімі можна пахваліцца? І ці змогуць нашы дарослыя чытачы выканаць алімпіядныя заданні для школьнікаў?
Вілейшчыну прадстаўлялі 35 вучняў з 11 школ. Іх вынік – 14 дыпломаў. Найлепшымі віляйчане былі ў матэматыцы і беларускай мове і літаратуры. За іх атрымалі дыпломы першай ступені. Дыпломаў другой ступені – чатыры, трэцяй – сем. Побач з гарадскімі гімназіяй “Логас”, гімназіяй №2, школамі №3 і №5 вызначыліся дзве сельскія школы. Дыпломы другой ступені ў вучняў з Людвінова і Даўгінава.
Найбольш удзельнікаў было з Маладзечна – 91. Яны зарабілі 48 дыпломаў. Вынікова паўдзельнічалі каманды з гімназій №№10, 7, 6, 3, гімназіі-каледжа мастацтваў, школы №14. Асабліва “ўраджайнымі” аказаліся нямецкая мова, геаграфія, хімія, руская мова і літаратура, матэматыка, інфарматыка.
34 навучэнцы Смаргоні прывезлі 15 дыпломаў. Яшчэ пяць атрымалі граматы.
Каманду Ашмяншчыны прадставілі 15 вучняў. У родны горад яны прывезлі шэсць дыпломаў.
Вучні з Астраўца ўзялі сем дыпломаў і дзве граматы.
Любоў Агарова: аднаго ўрока беларускай мовы на тыдзень мне мала
Вучаніца вілейскай школы №3 Люба Агарова стала другой у Мінскай вобласці сярод вучняў 11 класаў па беларускай мове і літаратуры.
– Яшчэ з трэцяга класа беларуская мова давалася мне лягчэй за іншыя прадметы, – успамінае Люба. – Адразу была проста зацікаўленасць, потым – жаданне дасканала авалодаць роднай мовай.
Дзяўчына лічыць, што немагчыма добра ведаць мову, калі размаўляеш на ёй 45 хвілін на тыдзень.
Любоў да беларускай мовы ў дзяўчыны ад сям’і і настаўніцы Таццяны Бруевай. З ёй немагчыма не любіць беларускую мову, упэўненая Люба.
Мае зорачкі. Так падпісала фотаздымак настаўніца на сваёй старонцы. Люба – першая злева. Фота vk.com.
Кожны з этапаў алімпіяды быў па-свойму складаны, прызнаецца Люба. А самым нечаканым ва ўсёй алімпіядзе стаў… вынік.
Таццяна Бруева: заняткі не перапыняем ні на канікулы, ні на выхадныя
Заняткі з алімпіяднікамі – гэта адзін з самых любімых накірункаў маёй працы, кажа настаўніца беларускай мовы і літаратуры вілейскай школы №3 Таццяна Бруева. Гэта яна рыхтавала Любу да алімпіяды.
Досвед тут у настаўніцы вялікі. Першая перамога была ў 2004 годзе. З таго часу яе вучаніцы прывезлі 18 дыпломаў з вобласці і 7 з рэспублікі.
Найбольш складана, кажа Таццяна, “дабіцца” дыплома ў 11 класе. Гэта звязана з экзаменамі, паступленнем.
Пачынаюць рыхтавацца яшчэ з пятага класа. Заняткі не перапыняем ні на канікулы, ні на выхадныя, расказвае настаўніца.
Таццяна Бруева з вучнямі. Фота vk.com.
Сёлета на алімпіядзе, па словах Таццяны, усё было, як і раней: водгук на паэтычны твор – 30 балаў, комплексная работа – 50 балаў, вуснае выказванне – 20 балаў.
– Мая Люба ”зарабіла” 87 балаў і заняла другое месца. Ад першага месца яе аддзяліў адзін бал.
Любу вызваляць ад школьнага экзамену па беларускай мове з выстаўленнем адзнакі “дзесяць”, а наперадзе – рэспубліканскі тур алімпіяды.
Вуснае выказванне, па назіраннях настаўніцы, самы “хвалюючы” тур абласнога этапу. Нехта з лёгкай рукі будзе расказваць пра мову, Радзіму, маму, хлеб. А некаму пашчасціць выцягнуць тэму “Сабака – саамы шчыры сябар”.
У гэтым годзе было такое заданне: па малюнках трэба было пазнаць сельскагаспадарчую пабудову: адрыну, паветку, істопку, лазню, гумно.
У час падрыхтоўкі настаўніца з Любай працавалі не толькі з падручнікамі і зборнікамі алімпіядных заданняў, але і з беларускамоўнымі часопісамі, слоўнікамі. Алімпіяда не толькі па мове, але і па літаратуры.Трэба ведаць усе псеўданімы, жанры, вершаваныя памеры, умець устаўляць прапушчаныя словы ў вершы, па радках і манеры пазнаваць імя пісьменніка.
Таццяна Бруева з удзельнікамі конкурса па беларускай мове. Люба – другая злева. Фота vk.com.
А цяпер паспрабуйце самі
Заданне для шостага класа:
Устаўце ў прыказкі назвы народных святаў.
Прыйшоў ………. – апаў лісток; прыйшоў ……… – апалі два.
Прыйшлі ………. – зачыняй у хлеў каровы.
Заданне для дзявятага класа
Знайдзіце лішні элемент у пераліку і растлумачце свой выбар:
Экспазіцыя, развязка, лірызм, завязка, эпізод, кульмінацыя.
Заданне для дзясятага класа
Што б ты прапанаваў(ла) апрануць беларускай жанчыне. Падкрэслі.
Андарак, бекеша, бравэрка, бурнос, вэлюм, магерка, намітка, паддзёўка, паланцін, чуйка.
Выніковасць удзелу ў алімпіядзе вучняў рэгіёна
Раён |
Колькасць удзельнікаў |
Колькасць дыпломаў |
Астравец |
18 |
7 |
Ашмяны |
15 |
6 |
Вілейка |
35 |
14 |
Маладзечна |
91 |
48 |
Смаргонь |
34 |
20 |