У канцы мінулага года ў Мінску правялі канферэнцыю беларускага Фонду міру. Тут падвялі вынікі працы і ўзнагародзілі найбольш актыўных сяброў арганізацыі. Сярод узнагароджаных – жыхар Чысці, аўтар “Рэгіянальнай газеты” Алесь Раткевіч.

Фонд міру – адна з найстарэйшых грамадскіх арганізацый. Яна мае свае філіі  ў раёнах і шмат робіць для захавання гістарычнай памяці.

На Вілейшчыне дзякуючы падтрымцы фонду аднавілі брацкую магілу ў Сакалоўцы. Упарадкавалі месца, дзе ў 1943 годзе фашысты спалілі вёску Боркі.

На грошы мясцовых жыхароў у Новай Гуце адкрылі помнік у гонар загінулых аднавяскоўцаў. Дзякуючы фонду ўшанавалі памяць былога жыхара Батурына, пісьменніка, супрацоўніка радыё  “Свабода” Пётры Сыча. Цяпер у яго роднай вёсцы вісіць мемарыяльная дошка.

– Цяжка пералічыць усіх, хто далучаўся да нашых акцый, – распавядае Алесь Раткевіч. – Гэта і дарослыя жыхары вёсак, і вучні пад кіраўніцтвам настаўнікаў, работнікі прадпрыемстваў і сельсаветаў. Адны дапамагалі на суботніках, другія выраблялі мемарыяльныя дошкі, трэція дапамаглі будаўнічымі матэрыяламі.

Усё гэта, па словах Алеся Раткевіча, было на валанцёрскіх пачатках.