Як паведамілі крыніцы з блізкага кола сям’і, народны артыст Беларусі Аляксандр Ціхановіч памёр а 6-й гадзіне раніцы 28 студзеня ў рэанімацыі 10-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска.
– Апошнія некалькі тыдняў яму было ўжо зусім кепска, не выходзіў з хаты. Ядзя паляцела на гастролі ў Ізраіль – яны былі запланаваныя раней, – Саша застаўся, – распавядае крыніца.
Калі сябры зразумелі, што стан здароўя музыканта крытычны, яны тэрмінова шпіталізавалі яго – гэта было ў аўторак, 24 студзеня.
Паводле некаторых звестак, Ціхановіч пакутаваў у тым ліку і ад анкалагічнага захворвання.
Развітанне з народным артыстам Беларусі Аляксандрам Ціхановічам і грамадзянская паніхіда пройдуць 30 студзеня ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі.
Паводле “Нашай Нівы”.