Калі мы паведамілі Адаму Мальдзісу, што збіраемся прыехаць уручыць узнагароду конкурсу “Асоба года – 2016”, яму давялося добра падумаць, каб выдзеліць час. У свае 84 гады ў прафесара столькі працы, што ён толькі і марыць, калі “схаваецца на Астравеччыне і дапіша свае кнігі”.
Кватэра навукоўцы месціцца ў адной са шматпавярховак у Мінску на першым паверсе. Сцены занятыя стэлажамі з кнігамі, іх упрыгожваюць рэдкія творы мастацтва. Пра гэта мы раскажам пазней.
Прафесара Мальдзіса рэдакцыя адзначыла сёлета ў межах конкурсу “Асоба года”, назваўшы пераможцам у намінацыі “Учынак года-2016”. Галоўны рэдактар “Рэгіянальнай газеты” Аляксандр Манцэвіч сказаў, што пазіцыю прафесара па абароне ад знішчэння ў Астраўцы каралеўскіх дубоў рэдакцыя палічыла сапраўдным учынкам. А навукоўца адказаў, што ў Астраўцы гэтую справу ўчынкам не палічылі.
– Спалохаліся, бо хочуць цэлы мікрараён. Я калі даваў інтэрв’ю, пракансультаваўся з супрацоўніцай батанічнага сада, якая займаецца захаваннем старых пасадак. Гэта не проста дубы, а каралеўскія. Хто ж не хацеў бы ў сваім двары мець такое дрэва?
Чаму хоча вярнуцца на радзіму, тлумачыць так:
– Мяне тут толькі лянівы не эксплуатуе. Раней, калі ў “Голасе Радзімы” сядзеў, 20 званкоў за дзень – і работы няма. У Мінску Мальдзісаў пяцёра: я, сыны Яраслаў і Алег, і два ўнукі. Ёсць і ўнучка. Але ўсе мужчыны-Мальдзісы ходзяць без гаспадыняк. Кажуць: “Год Пеўня, трэба ісці ў атакі”.
Адказваю: “Якія атакі? Не. Трэба шукаць курачак”, – усміхаецца Адам Восіпавіч.
Прафесар садзіцца на крэсла ў сваім кабінеце, спінай да акна, і распавядае, што гэта не проста акно, а з гісторыяй.
Пра шклянку першаку: ці вып’е стограмоўку
– Вось кабінет, у які робяцца падкопы з боку вуліцы з-за Уладзіміра Караткевіча. Тут жа побач былі не гэтыя могілкі, а Старажоўскі рынак. А часам бывала так: ну, не хочацца калгаснікам плаціць грошы за ўезд. Прыязджалі і былі пад акном. Аднойчы сяджу за гэтым пісьмовым сталом і гляджу: там распіваюць з гарла. Мне неяк стала іх шкада. Іду ў буфет. Мая жонка, ужо нябожчыца, яшчэ спала.
Узяў стограмоўкі і працягваю ім. І далей працую.
Яны вярнулі шклянкі і адну працягваюць поўную, а паміж сабой спрачаліся: вып’е ён ці не вып’е. А быў пяршак, моцны! Выпіў, падзякаваў і пайшоў на кухню снедаць.
А жанчыны ж ведаюць, ёсць у хаце што выпіць ці не. Я заходжу такі вясёленькі – усё ж стограмоўка першаку. Марыя не разумее: адкуль?! Я тлумачу: так і так.
Партрэт жонкі.
А Караткевіч жыў па вуліцы Веры Харужай, недалёка. І калі яшчэ не было тэлефонаў, мы з ім “пераміргваліся” святлом. Я запалю, значыць, прыходзь. Жонка пра мой аповед кажа: “Ну, гэта мусіць цябе Караткевіч навучыў фантазіраваць. Ты ж прыхаваў, і мне не сказаў”. Кажу, чаго ж мне прыдумляць, каб сам прынёс, то ўжо ўчора вечарам і выпіў бы.
Пісьменніца Людміла Рублеўская гэты факт ведала, і ўставіла гэтае акно ў спіс “10 літаратурных мясцін Мінска”. Пасля бачу, што нешта капаюць пад гэтым акном. Кажу Рублеўскай, што, мусіць, гэта вы навялі на мяне. Так што гэты кабінет у нейкім сэнсе гістарычны.
Пра Караткевіча: “Яму кідаліся ў абдымкі!”
Пра Уладзіміра Караткевіча прафесар расказвае, як пра лепшага сябра, якога моцна не хапае.
– Караткевіч спачатку жыў з маці, быў халасцяком стойкім. Ну, як халасцяком. Калі б сабраць усіх жанчын, якія кахалі яго і каго кахаў ён, атрымаўся б кангрэс. Яму кідаліся ў абдымкі! Дарэчы, у яго ёсць і сын, але не ад Валянціны Браніславаўны, якая пасля стала яго жонкай, а ад дачкі аднаго класіка нашай літаратуры (прафесар назваў нам яго імя). Яна хацела не мужа, а толькі сына мець.
Часам бывае, я іду па праспекце, а каля мяне спыняецца малады чалавек з роварам. Ён ведае, што я ведаю, а я ведаю, што ён ведае. Ён папяросу трымае, як Валодзя. Спыняецца, вітаецца.
Караткевіча запрасіў Калеснік у Брэст на чытацкую канферэнцыю па рамане “Каласы пад сярпом тваім”. А Валянціна Браніславаўна на той момант ужо была аднойчы замужам, яна гісторык па адукацыі. Была куратарам курса, які прыйшоў на гэту імпрэзу.
Яна любіла дэтэктывы і не слухала, што гаворыць пісьменнік з Мінска. Пасля Калеснік іх знаёміць. Валянціна Браніславаўна кажа: “А чаму б вам не напісаць дэтэктыўны раман?” “Ну які, накшталт?” – пытаецца Караткевіч. – “Ну, “Дзікае паляванне караля Стаха” – “Дык гэта ж я напісаў!”
Ёй стала сорамна, і яна запрасіла яго дамоў пераначаваць.
Вяртаецца Караткевіч у Мінск, садзіцца ў мяне ў прыхожай, бярэцца за галаву і кажа: “Я, здаецца, жанюся”.
А якраз трэба было ехаць у Ракаў на вяселле Вячаслава Рагойшы і Таццяны Кабржыцкай, як мы тады казалі, “вяселле века”.
Прывёз Караткевіч Валянціну. З ёй загаворваюць, а яна адказвае па-руску. Таму пачалі гаварыць, што “ты яму не пара, па-беларуску не ўмееш”. Яна ў слёзы! Пайшлі танцаваць – зламала абцас, расплакалася зноў.
А маці Валодзі прыняла яе станоўча, гэта вельмі многа значыць. Валянціна была стойкая ў сваіх намерах і вельмі добрая жонка, сістэмная. Усю хеўру, што прыходзіла апахмяляцца да Валодзі, адсеяла. А яны сталі ездзіць за мяжу: Чэхію, Славакію, на Каўказ.
Яна яму вельмі падыходзіла, і навучылася ім камандаваць.
Якое турыстычнае месца варта развіваць Астравеччыне
– Астравец пагадзіўся даць юрыдычны адрас Таварыству імя Іосіфа Гашкевіча. Раз там, у Малях, пахаваны чалавек, то там самае галоўнае – яго дух. Там была і сядзіба Гашкевічаў.
Гашкевіч, сын святара, закончыў Мінскую духоўную семінарыю, у Пецярбургу – акадэмію, пасля на дзесяць гадоў з’ехаў у Шанхай. Узначаліў там расійскую праваслаўную місію і зрабіў мноства адкрыццяў. І пісаў у рускую перыёдыку пра традыцыі, спосаб пісьма.
Знайшоў з кітайцамі агульную мову. Пасля паехаў у Японію Першым консулам Расійскай імперыі. Тады консулаў у сталіцу не пускалі. Пачаў з будаўніцтва праваслаўнай царквы ў горадзе Хакадатэ.
Туды мяне запрасілі як чалавека, які адкрыў Гашкевіча. У Хакадатэ ёсць музей Гашкевіча. Завёз туды ручнік з Астравецкага раёна.
А з візітам японцаў на Астравеччыну звязаная адна гісторыя. У мяне пыталіся ў ЦК, дзе пахаваны Гашкевіч. Я адказваў – толькі ў Астраўцы, раз жонка жыла ў Малях. Там засталася алея, што вяла ў сядзібу. Ды з паўкіламетра адтуль цяпер размешчаныя свінарнікі, несімпатычна. Але ж яны даволі далёка.
Ёсць тры памятныя камяні, можна там зрабіць музей, каб атамшчыкам было што наведваць. Трэба, каб была памятная табліца на мясцовым касцёле. Ён пабудаваны ў 18 стагоддзі, пасля 1863 года ператвораны ў царкву. І ўсю мясцовую эліту, у тым ліку Гашкевіча, хавалі там.
А ў 1921 годзе, калі прыйшла польская ўлада, гэтыя праваслаўныя могілкі зруйнавалі. Але мне адзін стары настаўнік паказаў месца, дзе быў пахаваны Гашкевіч. Хіба ж бы павезлі ў Вільню за 40 вёрст нябожчыка, калі другая жонка ў Малях?
Японцам тады сказалі, параіўшыся з астравецкім райкамам партыі, што Гашкевіч у Астраўцы не пахаваны, яго павезлі ў Вільню. Там сапраўды на Ліпаўцы пахаваны Іосіф Гашкевіч, але не Іосіф Андрэевіч, а Іосіф Іосіфавіч – сын. Пахаваны ў 1910 годзе.
Японцы прыехалі на магілу знакамітага вучонага, яны яго шануюць. А там не тая магіла! Дык крыўду на мяне перанеслі. Акіра Курода, арганізатар, трохі на мяне дзьмуўся.
Калі я па запрашэнні паехаў з візітам у Японію па справе Гашкевіча, былі мы ў царкве, пабудаванай ім. Я кажу Акіру, што тут павінна быць пахавана першая жонка Іосіфа. Той – не-не. Вось ідзём па могілках, а злева як вялікая каменная скрыня, на якой царкоўнаславянскай вяззю напісана “Здесь покоится прах…” – вось яе магіла!
У японскай царкве па-праваслаўнаму служыць індус. На ўваходзе трэба разувацца. Выходзячы, узяў свае туфлі. А калі прылятаю дахаты, мая Марыя кажа:
“Відаць, цябе там сакэ добра напаілі. Паглядзі ў туфлі”. А ўнутры аднаго фарба чырвоная, а ў другога блакітная. Гэтыя туфлі здаў як экспанат у астравецкі музей. Чый другі туфель, не ведаю.
Трэба абнавіць сядзібу Гашкевіча, ужо японскія прадпрымальнікі цікавіліся. Я гатовы весці навуковую частку працы таварыства, якое неўзабаве павінна быць зарэгістраванае.
Гэта толькі частка размовы з Адамам Мальдзісам. Гутарку на іншыя тэмы чытайце праз тыдзень. З яе вы даведаецеся, дзякуючы каму ў грамадскім транспарце краіны абвяшчаюць прыпынкі па-беларуску, якое дасягненне беларускай навукі прафесар Мальдзіс лічыць найважнейшым і чаму знакамітая знаходка “Полацкі сшытак” на самой справе зусім не полацкая.
Даведка “РГ”. Іосіф Гашкевіч (1814 – 1875) – лінгвіст беларускага паходжання, усходазнаўца, прыродазнаўца. Першы дыпламатычны прадстаўнік Расійскай імперыі ў Японіі.