Ад 20 студзеня пастановай №126 Мінадукацыі бацькоўскім камітэтам афіцыйна забаранілі збіраць грошы ў школах і дзіцячых садках.
Намеснік начальніка аддзела адукацыі спорту і турызму Вілейскага райвыканкама Ірына Лобан карэспандэнтам нашай газеты сітуацыю пракаментавала так:
– Для школ і садкоў Вілейшчыны нічога не зменіцца. Яшчэ да гэтай пастановы Міністэрства адукацыі грошы ў Вілейскім раёне збіралі апякунскія рады.
Па словах намесніка начальніка, кожная школа і садок у Вілейцы маюць свой рахунак. На яго ў ашчаднай касе бацькі пералічваюць грошы. Пасля ў школу ці садок трэба прынесці квітанцыю. Можна плаціць штомесячна, можна заплаціць на некалькі месяцаў наперад.
Не радзей, чым раз у паўгоддзе, прадстаўнікі апякунскай рады праводзяць сход. У вілейскай гімназіі “Логас” распавялі, што ў іх такі сход адбыўся ў лістападзе мінулага года, наступны запланавалі на май.
На кожным сходзе даюць справаздачу пра паступленне і расходаванне грошай, якія бацькі 1-11 класаў сабралі за паўгоддзе. Апякунскія рады павінны дбаць пра матэрыяльна-тэхнічную базу ў школе, паляпшэнне ўмоў працы для настаўнікаў.
Што ж у такім разе робяць бацькоўскія камітэты? У іх, згодна з Палажэннем, і не было функцыі збіраць грошы з бацькоў. Толькі кансультацыі, дапамога, узаемадзеянне.
Прадстаўнікі бацькоўскага камітэта кансультуюць іншых бацькоў, дзеляцца лепшым досведам сямейнага выхавання.
Яны таксама павінны дапамагаць педагогам праводзіць спартыўныя спаборніцтвы, забаўляльныя мерапрыемствы ў класах. Сумесна з настаўнікамі праводзяць прафілактыку правапарушэнняў. Напрыклад, ажыццяўляюць бацькоўска-настаўніцкі патруль у час вячэрніх дыскатэк.
І яшчэ адно адрозненне. У склад бацькоўскага камітэта ўваходзяць толькі бацькі або законныя прадстаўнікі вучняў – па адным чалавеку ад класа. А апякунская рада школы складаецца як з бацькоў, так і з настаўнікаў, прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў.