Ні ў якім разе ад вас не патрабуюць нейкі фінансавых выдаткаў. Дапамагчы вы можаце тым, што прынесяце непатрэбныя рэчы.

У першую чаргу, адзенне і абутак. Для вас гэта невялікія страты, калі вырашылі развітацца са старым. Затое для інвалідаў, асабліва тых, якія не маюць сваякоў, вялікая фінансавая падтрымка.

– Часам сутыкаліся з тым, што ў арганізацыю звярталіся людзі, якія страцілі блізкага, але не ведаюць, што рабіць з рэчамі, – расказвае кіраўнік Маладзечанскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў” Васіль Таркан. – Таму прыносяць іх нам. Але гэта былі адзінкавыя выпадкі. Затое ўзнікла ідэя прапанаваць іншым людзям аддаваць непатрэбнае, а не выкідаць на сметніцу.

Як адзначае кіраўнік арганізацыі, былі выпадкі, калі прыносілі прасы, лямпы, дзіцячыя цацкі, нават адзін раз гармонік аддалі.

– Мужчына сціпла прынёс музычны інструмент, сказаў, што ўжо непатрэбны, – узгадвае Васіль Аляксеевіч. – Гэта рэч выклікала сапраўды бурны шквал эмоцый у таварыстве: “Чаму ж раней не прыносілі? Мы б даўно баль зладзілі!”

Усяго ў таварыстве 250 інвалідаў.

Паўдзельнічаць у добрай справе можа кожны. Рэчы можна прыносіць у таварыства інвалідаў у Маладзечне па вуліцы Вольнай, 9 па аўторках і чацвяргах. Тэлефон для даведак (80176) 74-64-78.