– Мы сёння актыўна працуем над зместам навучальных праграм. Ідзе іх перайначванне, уносяцца карэктывы. Пастаянна з’яўляюцца новыя веды, якія трэба ў той ці іншай меры даць у школе і іншых навучальных установах. Мы будзем глядзець, што павінна заставацца ў гэтых праграмах, а што не, на якія тэмы трэба вылучыць больш гадзін, а на якія менш. Гэта пастаянны працэс. Праца над абнаўленнем навучальных праграм вядзецца і будзе працягвацца, – сказаў Карпенка.

У якасці прыкладу элементаў навучальных праграм, якія варта ўдасканаліць, міністр адукацыі прывёў той факт, што ў школе з пятага па дзявяты клас на працоўнае навучанне вылучаецца ўсяго толькі адна гадзіна на тыдзень.

– Але ж малады чалавек ці дзяўчына павінны мець навыкі, якія могуць спатрэбіцца ў паўсядзённым сямейным жыцці. Галоўная задача школы – падрыхтаваць дзіця да выхаду ў самастойнае жыццё, – адзначыў міністр адукацыі. Ён дадаў, што фармаванню падобных навыкаў можна прысвяціць шосты школьны дзень.

БелТА