14 лютага а 15 гадзіне ў выставачнай зале імя Нікадзіма Сілівановіча адкрыюць выставу “Выцінанка”. Гэта будзе сумесны праект вілейскага краязнаўчага музея і маладзечанскага музычнага каледжа імя Міхаіла Клеафаса Агінскага.

Па словах дырэктара музея Надзеі Аўдзей, гісторыя выцінанкі звязаная з вынаходніцтвам паперы ў старажытным Кітаі. 

На Беларусь выцінанка прыходзіць у выглядзе фіранак. У ХІХ стагоддзі ў інтэр’еры з’яўляюцца карункі з белай, чорнай, ці каляровай паперы, якімі ўпрыгожвалі сцены, вокны, мэблю, паліцы для посуду і абразоў. Яны выконвалі тую ж самую ролю, што і тканыя посцілкі, маляваныя куфры, вышываныя і карункавыя ручнікі, дарожкі, сурвэткі, падузорнікі.

1950-1970-я гады – час амаль поўнага заняпаду выцінанкі. У традыцыйным побыце яна ўжо не сустракалася.

Значную ролю ў другім нараджэнні выцінанкі адыгралі майстры Маладзечна. Тут, пры музычным каледжы імя М.К.Агінскага, адкрылі аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

У 2016 годзе аддзяленню споўнілася 20 год. За гэты час выцінанку прадстаўлялі ў Польшчы, Германіі, Маскве. За якасныя работы з розных матэрыялаў некаторыя навучэнцы аддзялення атрымалі прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

– Мы хочам, каб нашы наведвальнікі параўналі, як развівалася выцінанка стагоддзі таму ў вырабах народных майстроў і як яна развіваецца сёння, калі вырабы з паперы ствараюць прафесійна.

Усіх, хто хоча пазнаёміцца з мастацтвам стварэння ўзораў з паперы чакаюць 14 лютага, а 15 гадзіне ў выставачнай зале імя Нікадзіма Сілівановіча па адрасу: Вілейка пл. Свабоды, 1. Тэлефон для даведак 5-41-47.

Кожны з наведвальнікаў можа сам паспрабаваць стварыць выцінанку.