Па словах супрацоўнікаў выратавальных станцый у Вілейцы і Мядзеле, таўшчыня лёду на вадаёмах цяпер такая, што рыбакі могуць спакойна выходзіць на лёд.

У вілейскай выратавальнай станцыі расказалі, што на Вілейскім вадасховішчы таўшчыня лёду 22-23 сантыметры. Небяспечным лічаць ледзяное пакрыццё да сямі сантыметраў. Цяпер рыбакам не пагражае патапленне.

Калі толькі выразаць вялікую палонку і самому ўскочыць у яе, пажартавалі выратавальнікі.

Начальнік мядзельскай выратавальнай станцыі Дзмітры Мялешка распавёў, што на азёрах Мядзельшчыны таўшчыня лёду ад 20 да 30 сантыметраў. Калі не парушаць тэхніку бяспекі і не заязджаць на лёд на машыне, што часам бывае, трагедыі не здарыцца.

Дзякуючы вялікай таўшчыні лёду апошнім часам на вадаёмах Вілейшчыны і Мядзельшчыны трагічных здарэнняў не было.

У бліжэйшыя дні ўзмацніцца мароз, а значыць і лёд стане яшчэ таўсцейшым.