Не ўсё зразумела з тарыфамі ЖКГ? Хвалюецеся, калі ж пачнецца капітальны рамонт вашай шматпавярхоўкі? Не ведаеце, куды выкінуць стары халадзільнік і дзе падзець тэлевізар, які сваё адпрацаваў?

Цяпер на гэтыя і іншыя пытанні супрацоўнікі Вілейскай ЖКГ адкажуць вам праз створаную нядаўна суполку “Укантакце”.

Палепшыць сувязь і ўзаемаадносіны гараджан і ЖКГ

Стварэнне суполкі – гэта частка доўгатэрміновага праекта “Патрэба ў эфектыўным кіраванні жыллёва-камунальнай гаспадаркай”. Розныя яго мерапрыемствы будуць праходзіць у Вілейцы да 2019 года. Арганізуе праект аб’яднанне “Экапартнёрства” сумесна з Вілейскім райвыканкамам. Праект павінны палепшыць работу жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сфарміраваць у людзей больш пазітыўныю думку пра работу гэтай службы.

Па словах спецыяліста па рабоце з інфармацыяй намесніка дырэктара Палаца культуры Вольгі Шляпо, Вілейскі раён “Экапартнёрства” абрала пілотнай тэрыторыяй для арганізацыі праекта. 

Цяпер “Укантакце” ёсць суполка “Інфармацыйны цэнтр аб працы камунальных службаў”. Са зваротамі грамадзян у суполцы працуюць Вольга Шляпо і галоўны архітэктар Вілейскага райвыканкама Дзмітры Гарланаў.

– У суполцы размяшчаем інфармацыю пра экалогію, энергазберажэнне, – распавядае Вольга. – Чаму абралі такую форму работы? Для нас адна з асноўных задач – палепшыць інфармацыйную працу з насельніцтвам. Па-першае, у інтэрнэце большасць маладых людзей. І нам хочацца, каб і яны былі ў курсе экалагічных праблем. Па-другое, суполка стваралася для таго, каб жыхары Вілейкі змаглі са сваімі пытаннямі звярнуцца да супрацоўнікаў ЖКГ.

Электронны зварот у ЖКГ – гэта не скарга

У гэтай працы Вольга выступае пасрэднікам паміж жыхарамі Вілейкі і службай ЖКГ. А ў іх узаемаадносінах пакуль яшчэ ёсць пэўныя праблемы. Па-першае, грамадзяне, якія ледзь не ва ўсіх сваіх праблемах бачаць вінаватымі работнікаў ЖКГ і гатовыя закідаць іх скаргамі, не разбіраючыся ў праблеме.

Скрыншот старонкі у кантакце.

Скрыншот старонкі у кантакце.

Па-другое, з-за такіх адносін электронныя звароты ў ЖКГ супрацоўнікі часта ўспрымаюць як скаргі. Вольга ўпэўненая: зварот – гэта не скарга. І калі правільна наладзіць працу і адказаць віляйчаніну на яго пытанне, больш скаргаў ён пісаць не будзе.

З якімі ж пытаннямі ў суполку звяртаюцца жыхары горада? Па словах Вольгі, кагосьці цікавіла, колькі каштуюць паслугі электрыка. Таксама людзі цікавіліся паасобным зборам смецця, другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі. Было пытанне, якім чынам можна здаць старыя халадзільнікі і тэлевізары.

Вольга накіроўвае пытанні у ЖКГ. А там ёсць супрацоўнік, які адказвае за такія звароты. Гэта Людміла Саколкіна. Вольга спадзяецца, што такія звароты насельніцтва з часам стануць больш актыўнымі.

Не менш цікавыя і патрэбныя накірункі праекта – гэта энергазберажэнне і паасобны збор смецця. Вольга лічыць, што ЖКГ – вельмі эфектыўная сфера для работы па энергазберажэнні. Да таго ж да гэтай працы далучыліся і школы, і ўстановы культуры Вілейшчыны. “Экапартнёрства” распрацавала шмат нагляднага матэрыялу, буклетаў і іншай друкаванай прадукцыі на гэту тэму.

Што чакае горад у накірунку паасобнага збору смецця? Па словах Вольгі, ужо летам гэтага года тут з’явіцца новы смеццявоз. Таксама закупяць спецыяльную стужку для паасобнага збору смецця, бо пакуль работнікі ЖКГ усё робяць уручную. Набудуць яшчэ праколвальнік і прасаўшчык для пластыкавых бутэлек.

– У сваёй працы нам няма на каго раўняцца. Няма прыкладу, на якім мы маглі б глядзець і рабіць аналагічна. Гэта і цяжка, і цікава адначасова, – лічыць Вольга Шляпо.