Пра тое, як у раёне прайшла акцыя “Пешаход” і для чаго ДАІ “изымать” пешаходаў з праезнай часткі, “Рэгіянальнай газеце” расказаў начальнік Маладзечанскай ДАІ Дзмітры Юркевіч.

– Акцыя “Пешаход” праводзілася ў Маладзечне і Маладзечанскім раёне ў канцы студзеня. Канешне, гэта была запланавая акцыя, але як паказвае практыка, ДТЗ усе часцей адбываюцца з удзелам, або па віне пешахода.

Дзмітры Юркевіч нагадаў, што ад пачатку года ў Маладзечанскім раёне здарылася некалькі сур’ёзных аварый з пешаходамі.

Так, у двары па вуліцы Вялікі Гасцінец вадзіцель, калі рухаўся заднім ходам, не заўважыў 73-гадовую пенсіянерку, што ішла каля машыны і наехаў на яе. Жанчына атрымала пераломы.

У канцы студзеня ў вёсцы Цюрлі вадзіцель наехаў на дзяўчынку, што пераходзіла дарогу па пешаходным пераходзе.

А ў пачатку лютага на вуліцы Міру пасажырка сталага веку ўпала ля задніх дзвярэй аўтобуса, а вадзіцель ад’ехаў ад прыпынку.

– Падчас акцыі, якая праходзіла з 23 па 30 студзеня, супрацоўнікі ДАІ прыцягнулі да адказнасці 216 пешаходаў за тое, што пераходзілі праезную частку дарогі ў неналежным месцы, а таксама 47 кіроўцаў, якія не прапусцілі пешаходаў на пешаходным пераходзе. Усе парушальнікі былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.

Дзмітры Юркевіч расказаў “Рэгіянальнай газеце”, што ў лютым плануецца сур’ёзная акцыя па адпрацоўцы дарог “на предмет изъятия с проезжей части дороги пешеходов”.

– Вось вы смеяцеся з фармуліроўкі, а для ДАІ – гэта сур’ёзная праблема. У мінулым годзе ў Алёхнавічах і Крыніцы былі выпадкі, калі пешаходы загінулі з-за таго, што яны сядзелі або ляжалі на дарозе. Асабліва гэта актуальна ў сельскай мясцовасці. Нашы супрацоўнікі рэгулярна сустракаюцца з такой з’явай, як гэта не сумна. Таму ДАІ просіць усіх, хто ўбачыў падобныя выпадкі, паведамляць пра гэта па тэлефоне 102.