Барыс напісаў развагі пра каханне, і за гэта яму ўручыць білет аўтар праекта Алеся Кульша.

Ніжэй – развагі Барыса.

Агонь кастра кахання

Каханнем лічаць нейкае “прыемнае пачуццё”, але яно можа быць жорсткім і нават небяспечным. Але ўсё роўна пра яго мараць.

Яно як агонь кастра. На пэўнай адлегласці яно грэе і лечыць душу. Дае адчуць шчасце быцця. Але калі адысці занадта далёка ад вогнішча, яно не грэе зусім, нібы і ёсць каханы чалавек, але з ім холадна.

Калі ж падысці занадта блізка, навязваць сябе, быць ліпучым, патрабавальным, то агонь абавязкова зробіць балюча. Пакрыўдзіць.

Калі перастаць своечасова падкідваць добрыя паленцыі, менавіта добрыя, а не сырыя, праблемныя, імкнуцца падтрымліваць адносіны з каханым чалавекам, то вогнішча паступова згасне. Пакіне толькі вугольчыкі і шкадаванне.

Не давайце каханню згаснуць. Беражліва падтрымлівайце яго ў сваёй душы. Тады яно нікуды не сыдзе.

Каханне можа запаліцца адразу, можа з цяжкасцю, галоўнае, каб вецер жыццёвых праблем не патушыў агеньчык. І галоўнае – “любоў” ад слова “любы”, любога чалавека можна палюбіць. Галоўнае захацець.

Шмат хто кажа памылкова “займацца любоўю”, а любоўю нельга займацца, яе можна адчуваць ці не.

Хоць фізічная блізкасць вельмі важная, але яе можа і не быць паміж каханымі, так бывае ў жыцці.

Для мужчыны жанчына, як храм. Можна ўвайсці ў любы храм, але толькі ў сваім родным чалавек будзе шчырым і сумленным. Мужчына шукае свой храм. І застаецца верны толькі яму.

А для жанчыны мужчына, якога яна пакахае, гэта нешта вялізнае і святое, як і сам Стваральнік, які пішацца з вялікай літары. Яна чакае свайго мужчыну, прыцягвае да сябе і не адпускае. Такія жанчыны – захавальніцы агменю кахання.