10 лютага споўнілася 100 гадоў Аляксею Бацяну, савецкаму разведчыку, якога называюць выратавальнікам Кракава. Паводле савецкіх даследчыкаў і самога Бацяна, менавіта ён адыграў ключавую ролю ў выратаванні ад знішчэння старадаўняй сталіцы Польшчы.

Аляксей Бацян, па-сапраўднаму Аляксандр, беларус. Ён нарадзіўся ў вёсцы Чартовічы ў цяперашнім Валожынскім раёне. У 1939 годзе яго прызвалі ў Войскае польскае. Ён удзельнічаў у баях пад Варшавай і нават збіў тры нямецкія “Юнкерсы”.

Пазней 22-гадовы Бацян трапіў у савецкі палон, вярнуўся на Валожыншчыну і, пасля непрацяглага настаўніцтва, быў завербаваны НКВД. Пасля заканчэння разведвальнай школы ў Маскве ён трапіў у 4-е аддзяленне НКВД, якое падпарадкоўвалася Паўлу Судаплатаву. Бацяна накіравалі арганізоўваць дывэрсійную дзейнасць у Расеі, Беларусі, Украіне, Польшчы і Чэхаславачыне. Самым вядомым эпізодам яго дзейнасьці стала, нібыта, выратаванне ад знішчэньня Кракава. Менавіта Бацян стаў прататыпам “маёра Віхра”, аднайменнага раману Юліяна Сямёнава і трохсерыйнага савецкагу фільму.

Расійскія гісторыкі сцвярджаюць, што ў студзені 1945 году ён кіраваў аперацыяй па знішчэнні складу выбухоўкі ў Каралеўскім замку ў Новым Сончы, непадалёк ад Кракава. Менавіта ёю, як сцвярджае Бацян, пакідаючы Кракаў перад уваходам Чырвонай Арміі, немцы меліся падарваць горад. За гэта ў 2007 годзе Уладзімір Пуцін прысвоіў яму званне “Героя Расіі”.

Радыё Свабода датэлефанавалася да Аляксея Бацяна. 100-гадовы ўраджэнец Валожыншчыны бадзёрым голасам не разгубіўся на вітанне і віншаванне з юбілеем на беларускай мове. Зрэшты, беларускае паходжанне Бацяна адразу выдае яго цвёрдае ч, гучнае г і канцоўкі -аў замест -ов.

Бацян: Дзякуй Вам вялікі.

Гурневіч: Аляксей Мікалаевіч, ці бываеце вы яшчэ ў Беларусі? Калі былі апошні раз?

Бацян: Я там бываю штогод. Я там нарадзіўся і вырас. Для мяне там усё сваё, роднае. І сёлета абавязкова прыеду.

Гурневіч: І як вам сённяшняя Беларусь?

Бацян: Я праводжу час у асноўным у Мінску. Там жыве мой пляменнік. І я ў яго гасцюю. І потым мы ўжо разам з ім падарожнічаем. Ён ведае цікавыя і прыгожыя месцы і возіць мяне, паказвае. Я заўсёды ў захапленні.

Гурневіч: А ці засталіся ў Чартовічах сваякі, ці сябры?

Бацян: Там, па вялікім рахунку, ужо амаль нікога няма. Ужо мінула столькі часу, як выехаў адтуль – больш за паўстагодздзя. Але мяне заўсёды цягне дадому. Там яшчэ стаіць наша хата. Ёсць агарод. Пляменнік з Мінску прыяжджае і апрацоўвае гэта ўсё.

Гурневіч: А беларускую мову памятаеце?

Бацян: А як жа. Мы па-беларуску дома размаўлялі. Школаў тады не было беларускіх, толькі польскія. Мы ж 19 год былі ў складзе Польшчы. Але дома толькі па-беларуску. Але цяпер ужо цяжка было б гаварыць. Столькі год у Расіі пражыўшы.

Гурневіч: А ці вы сочыце за падзеямі ў Беларусі?

Бацян: Вядома. Я ў курсе справаў. Я чытаю, і гляджу, і сам прыяжджаю. Хаджу ў грыбы. Там жа і рыбалку можна арганізаваць, і паляванне. Абавязкова прыеду і ў гэтым годзе.

Перайсці да ўспамінаў бурлівай маладосці мы так і не паспелі. Нашу размову перапыніў прыход гасцей да юбіляра.

А спытацца было пра што. Рэч у тым, што польскія гісторыкі сумняваюцца ў праўдзівасці гісторыі пра выратаванне Бацяном Кракава. У 2009 годзе кракаўскі гісторык Мацей Коркуць у інтэрвію газэце Rzeczpospolita назваў сэнсацыйнае адкрыццё расейскіх гісторыкаў “творам прапаганды”. Паводле яго, падрыў выбухоўкі ў Ночым Сончы не мог мець дачынення да выртавання Кракава, паколькі падчас выбуху Чырвоная Армія ўжо займала Кракаў. Адпаведна ў немцаў ня было магчымасці выкарыстаць выбухоўку па прызначэнні.

Тым не менш значнасці асобы Бацяна падчас вайны гісторыкі не аспрэчваюць. Яго лічылі адным з самых небяспечных НКДВыстаў, які дзейнічаў на поўдні Польшчы. Польскае падполле нават вынесла яму смяротны прысуд. Доўгі час лічылася, што польскія падпольшчыкі яго выканалі. Але пасля вайны Бацян вярнуўся ў Маскву, працягваў працаваць у МДБ, КДБ і ўдзельнічаў у шэрагу апэрацый у еўрапейскіх краінах, інфармацыя пра якія дагэтуль засакрэчаная. З КДБ ён, паводле афіцыйных версіі, развітаўся ў 1989 годзе.