Як новая кніга журналіста і барда Змітра Бартосіка звязаная з Вілейшчынай, творца распавёў на нядаўняй сустрэчы з жыхарамі горада.
Вілейка, па словах журналіста, не чужая яму. Упершыню Зміцер быў у горадзе ў 2001 годзе. Тады выступаў у зале Палаца культуры. І народу была – поўная зала.
Цяпер жа на сустрэчу людзей прыйшло менш, чалавек трыццаць. Былі і моладзь, і людзі сталага ўзросту.
Слухалі мяне ўважліва, калі трэба было смяяцца, смяяліся, пажартаваў Бартосік.
На сустрэчы Зміцер і Усевалад Сцебурака, паэт, дзяцінства якога прайшло ў Вілейцы, расказалі пра новую кнігу Бартосіка “Быў у пана верабейка гаварушчы”. Кніга – гэта своеасаблівыя падарожныя нататкі.
Зміцер Бартосік у Вілейцы. Фота Усевалада Сцебуракі.
Зміцер Бартосік, рыхтуючы радыёпраграму “Падарожжы Свабоды”, пабываў прыкладна ў 500 вёсках Беларусі. Вілейшчына паказаная ў кнізе вёскамі Суднікі, Навасёлкі, Сакалоўка і Касцяневічы.
– Ёсць такія вёскі, – распавёў Зміцер, – якія вельмі ўражваюць і запамінаюцца надоўга.
Да такіх, па словах журналіста, адносяцца Суднікі, што на Вілейшчыне. Гэта вёска “зачапіла” Змітра не столькі ваеннай, як пасляваеннай гісторыяй. Запомнілася, што ў 1945-1946 гадах там яшчэ напоўніцу ішла “вайна пасля вайны”. Гучала страляніна, па лясах хаваліся банды, людзі, якія не хацелі ісці служыць у савецкую армію, выступалі супраць саветаў. Прычым гэта быў не адзін чалавек, не два, а цэлыя атрады.
– Як прыгадаеш, якім антысавецкім кутком была Вілейшчына, адразу разумееш, адкуль тут столькі беларускіх пісьменнікаў і бардаў.
Зміцер Бартосік узгадаў ільянца, краязнаўцу і пісьменніка Уладзіміра Кажамяку. Менавіта ён адкрыў у свой час для журналіста цікавыя вілейскія вёскі, і Суднікі ў тым ліку. З Вілейшчынай для Змітра звязаныя і яго сябры Усевалад Сцебурака, бард і паэт Алесь Наркевіч.