Ці любіце вы тэатр, як любяць яго вучні ільянскай школы?

З пачатку навучальнага года нашы старшакласнікі з’яўляюцца членамі клуба “Сяброў Новага тэатра”. Для дзяцей ужо стала традыцыяй наведванне спектакляў у Мінску.

Вось і тыдзень рускай мовы і літаратуры, які праходзіў ў школе ў канцы студзеня, скончыўся паездкай на чарговае пасяджэнне клуба.

Вучні ільянскай школы з Марынай Ерашонак (першая справа).

Вучні ільянскай школы з Марынай Ерашонак (першая справа).

Гледачы ўбачылі  фантазію на тэму п’есы Аляксандра Астроўскага “Навальніца” пад назвай “Калі б ведаць…”. Рэжысёр Сяргей Кулікоўскі інтэрпрэтаваў твор з пункту гледжання сучаснасці. Пры такім чытанні п’есы ў кожнага героя ёсць цёмныя і светлыя бакі, ёсць апраўданне ўласных учынкаў, бо кожны з іх па-свойму няшчасны.

Пытанне “ад чаго людзі не лётаюць…” і сёння ўсхвалявала нас, хоць твор быў напісаны амаль 150 гадоў таму. Яркія і вядомыя героі прымусілі цяперашніх школьнікаў задумацца над вечнымі тэмамі незапатрабаванай любові, канфліктам пачуцця і доўгу.

Пасля спектакля была размова з вядучым майстрам сцэны членам мастацкага савета тэатра Ігарам Падлівальчавым.

Школьнікі актыўна задавалі пытанні. Цікавіліся, як падбіралі музыку, дэкарацыі  да спектакля, касцюмы герояў.

На сцэне. Фота забяспечана Марынай Ерашонак.

На сцэне. Фота забяспечана Марынай Ерашонак.

Паглядзеўшы п’есу, вучні па-новаму паглядзелі на твор школьнай праграмы, а таксама параўналі традыцыйныя тэатральныя пастаноўкі з рэжысёрскім эксперыментам, фантазіяй на тэму класікі.  А некаторыя з іх пасля спектакля задумаліся пра будучую прафесію.

Позна ўвечары пакідаючы сцены тэатра, вучні везлі з сабой новыя ўражанні, пытанні, над якімі будуць спрачацца яшчэ доўга на ўроках літаратуры, і фотаздымкі на памяць пра сустрэчу з мастацтвам.