Як раз у панядзелак, у 7.30 раніцы, Маладзечанская ДАІ сумесна з аддзелам адукацыі Маладзечанскага райвыканкама зладзіла дзяжурства на пешаходных пераходах паблізу школ.

Настаўнікі 2, 8, 11, 14 школ на паўгадзіны сталі сапраўднымі інспектарамі дарожнага руху.

Узброіўшыся знакамі “STOP” і апрануўшы святлоадбівальную камізэльку, настаўнікі школ дапамагалі перайсці дарогу школьнікам.

Нагадвалі кіроўцам пра неабходнасць спыняцца ля пешаходных пераходаў, якія не рэгулююцца.

Ад ДАІ суправаджаў педагогаў інспектар Сяргей Бартош.

Ён расказаў “Рэгіянальнай газеце”, што сам не любіць час ад 7.30 да 8 раніцы:

– У гэты час на маладзечанскіх дарогах робіцца нешта неверагоднае: усе спяшаюцца, сігналяць, абганяюць адзін аднаго. Дзеці, школьнікі, перабягаюць перад машынамі, кіроўцы забываюцца спыняцца на пераходах. Таму, вядома, такія акцыі неабходна праводзіць, каб яшчэ раз нагадаць усім удзельнікам дарожнага руху пра неабходнасць выконваць правілы.

Сяргей Бартош нагадаў, што сёлета ў Маладзечанскім раёне ўжо здарыўся выпадак, калі на дарозе пацярпела дзіця.