У краязнаўчым музеі наведнікі змаглі не толькі паглядзець карціны мастака з Любані Сяргея Гарачава, а і задаць пытанні самому творцу.

Супрацоўнікі музея зладзілі сустрэчу з мастаком.

Пра жывапіс гаварылі пад музыку. Юныя гітарысты з ансамбля “Адэліта” пад кіраўніцтвам Уладзіміра Лапціка аздобілі імпрэзу сваімі нумарамі.

На сустрэчу прыйшлі сябры і родныя мастака, гараджане, якія цікавяцца жывапісам.

На думку дырэктара музея Надзеі Аўдзей, галоўнае для кожнага творцы – гэта вучні. У Сяргея Гарачава іх шмат. Тым больш, што ён працуе настаўнікам у школе мастацтваў у Любані.

Некаторыя вучні Гарачава прыехалі на сустрэчу. Сярод іх школьнік з Любані Міхаіл Францкевіч з мамай. Жанчына расказала, як у свой час сын захапіўся маляваннем. Хлопчык хадзіў у школу мастацтваў займацца музыкай, але адчуў, што гэта не яго.

Міша ішоў з заняткаў музыкай і выпадкова зазірнуў у гурток малявання да Сяргея Гарачава. Хлопчыку тут так спадабалася, што ён вырашыў застацца. Цяпер малюе ўжо некалькі год і плануе сваё жыццё звязаць з жывапісам.

– Калі я саджуся маляваць, то ўваходжу ў своеасаблівы транс, – падзяліўся з прысутнымі мастак.

На карцінах Сяргея Гарачава шмат прыроды, кветак. Ён часта ездзіць на пленэры па Вілейшчыне. Любіць маляваць стыхіі – дождж, гром, маланку.

Шмат яго работ у прыватных калекцыях: адны некаму падораныя, іншыя кімсьці набытыя. Я малюю не для таго, каб ствараць дома склад з карцін, кажа Сяргей Гарачаў.

На некаторых творах – вясковыя сюжэты. Мастак распавёў, што неаднойчы людзі звярталіся да яго з цікавай просьбай. Прыносілі фотаздымак роднай хаты, якой ужо няма, і прасілі намаляваць копію. Такім чынам людзі хочуць хаця б на карціне захаваць тую сядзібу, дзе правялі дзяцінства.

У планах мастака – пачаць будаваць вялікія палотны. Душа патрабуе прасторы, кажа ён.