Пункт пропуску “Лоша – Шумскас” на беларуска-літоўскай мяжы пачынае функцыянаваць з 17 лютага ў статусе міжнароднага, паведамілі БелТА ў Дзяржаўным памежным камітэце. Рэжым пропуску грамадзян усіх краін, за выключэннем асоб, якія едуць у пешым парадку, будзе кругласутачным.

Месцазнаходжанне пункта пропуску: Гродзенская вобласць, Астравецкі раён, вёска Лоша.

Па ўзгадненні з літоўскім бокам, пропуск транспартных сродкаў, зарэгістраваных па-за межамі Беларусі, у пункце пропуску “Лоша –Шумскас” будзе ажыццяўляцца пры наяўнасці пасведчання ўвозу на транспартны сродак.

– Пры адсутнасці гэтага пасведчання транспартныя сродкі будуць накіроўвацца ў іншыя міжнародныя пункты пропуску для яго афармлення, — растлумачылі ў ДПК.

Пропуск тавараў будзе праводзіцца ў адпаведнасці з пералікам і колькасцю тавараў для асабістага карыстання, што ўвозяцца ў Беларусь і вывозяцца з яе праз пункты спрошчанага пропуску на дзяржаўнай мяжы ў багажы фізічных асоб.