16:47

Усё, першы дзень суда па справе Улада Казакевіча скончаны, суддзя аб’явіў перапынак. Пасяджэнне працягнецца 21 лютага а 10 гадзіне раніцы.

Бацькоў Улада на працэсе не было. Валянцiн Казакевiч, бацька, праходзiць сведкам, таму яго б i не пусцiлi ў залу. А мацi не прыйшла.

16:45

16:44

Баешка пазоў не падавала, грошай з Казакевіча не патрабуе.

Суддзя спытаў, як, на думку жанчыны, трэба пакараць абвінавачанага.

«На меркаванне суда», – адказала тая.

16:39

Апошняй паказанні дае Ірына Баешка – прыбіральшчыца з «Новай Еўропы», та самая, за якой Казакевічу, па яго словах, бегчы «было ўлом».

Яна ўзгадвае, што ўвечары 8 кастрычніка ішла па адміністратыўным калідоры гандлёвага цэнтра. Там і сустрэла Улада Казакевіча. Убачыўшы незвычайную вопратку і «хаду як у робата» жанчына засмяялася, што «па гандлёвым цэнтры клоўны ходзяць».

Потым той махнуў сякерай. Трохі зачапіў Ірыну.

«Усё заняло долі секунды. Боль не адчувала. У мяне імгненная рэакцыя, я раней займалася спортам. Вывернулася, пабегла папярэджваць людзей па паверхах. Пасля зайшла ў аптэку, перавязала рану», – кажа жанчына.

16:24

Затым суд перайшоў да паказанняў Алесі Александровец – дачкі загінулай. Дзяўчына мае праблемы са слыхам, ёй дапамагала сурдаперакладчыца.

Дзяўчына патлумачыла, што ўвечары 8 кастрычніка яна нібы адчувала, што здарыцца бяда. А калі бацька сказаў ёй, што маці загінула, Алесі стала вельмі дрэнна, выклікалі хуткую. 

Алеся інвалід, ёй цяжка мець зносіны з грамадствам, а маці была заўсёды побач. І вось, цяпер маці больш няма, гэта вельмі цяжка, патлумачыла перакладчыца ідэю дзяўчыны.

16:11

«Калі сыходзіць з агучаных паказанняў, калі ён [Казакевіч] трапіць на волю, ён працягне забіваць. А таго, што адбылося 8 кастрычніка, я ніводнаму чалавеку на Зямлі не пажадаю, – сказала пацярпелая Ганна Разентава. – І я жадаю яму самага суворага пакарання».

Пасля дзяўчына спытала ў Казакевіча, ці працягне ён забіваць, калі выйдзе на волю. «Так», – коратка сказаў той.

15:59

Яшчэ адна пацярпелая, 21-гадовая Ганна Разентава, распавяла пра сваю сустрэчу з Уладам Казакевічам.

8 кастрычніка Ганна падмяняла знаёмую ў адной з гандлёвых кропак «Новай Еўропы».

«Я сядзела, глядзела ў тэлефон. Пачула гук бензапілы, – распавядае Разентава. –

Я спачатку таксама падумала, што гэта розыгрыш. Але неяк змагла збегчы».

Казакевіч пабег за ёй. Але па дарозе заўважыў жанчыну, якая стаяла спіной да яго – гэта была Алена Александровец.

«Я пасля вырашыла вярнуцца, убачыла, што жанчына ўжо ляжыць. Падумала дапамагчы, але ўбачыла, як хлопец штосьці даставаў з чахла. Я чамусьці вырашыла, што гэта можа быць аўтамат. Спужалася і выбегла з гандлёвага цэнтра», – кажа Разентава.

15:12

15:05

Аксана Вітвер, пацярпелая, якую фактычна пакалечыў Казакевіч, узгадала падзеі 8 кастрычніка.

У той дзень Вітвер зайшла ў піцэрыю, села, замовіла паесці.

«І я бачу як ідзе хтосьці ў яркай аранжавай куртцы. І раптам людзі пабеглі. Я пачула гук пілы… Падумала, што можа тое будаўнічыя працы. Сядзела спакойна, – узгадвае жанчына. – І пасля бачу як па піцэрыі ідзе… дзівак нейкі. На твары маска. Худы, сутулы… Палохаючага ў ім не было нічога, я падумала, можа гэта розыгрыш…»

«Дзівак» падыйшоў да стала Аксаны Вітвер.

«Я думала, ён пастаіць і сыйдзе. Апусціла галаву, пасля падымаю, бачу, што ў яго рукі согнутыя, замахваецца. Зразумела, што гэта нейкі ідыёцкі розыгрыш…»

Жанчына падумала, што ў «дзівака» ў руках гумавы малаток, ці штосьці такое, чым ён будзе біць па сталу. І раптам адчула ўдар па руцэ.

«Я хацела ўстаць, пачала паварочвацца, штосьці ўдарыла мяне ў плячо. І тут я зразумела, што гэтая… істота… замахваецца на мяне сякерай», – узгадвае Аксана.

Жанчына схапіла вешалку. Ёй было цяжка дыхаць, яна спужалася, але раптам падумала пра сваё дзіця – што, яго маці заб’е маньяк?

Жанчына пачала размахваць той вешалкай. Кажа, што не адчувала болю, проста хацела, каб «дзівак» сыйшоў.

У выніку, ужо чатыры месяцы Вітвер пакутуе ад траўмы, якую ёй нанёс Казакевіч. Правая рука жанчыны паўнавартасна ўсё яшчэ не працуе.

14:41

Пасля Марыя Налівайка, маці забітай, праз слёзы распавяла, як даведалася пра смерць дачкі.

«Ён не шкадуе ні пра што, дык што мне яго шкадаваць?» – сказала жанчына пра Казакевіча. Яна таксама выказала спадзяванні на максімальнае пакаранне для абвінавачанага.

14:31

Затым слухаюць сястру Наталлю Ашну, сястру загінулай. Жанчына расказвае, што пра забойства яна даведалася толькі на наступны дзень. Менавіта Наталля разам са сваім мужам і паведамілі бацькам, што здарылася з іх другой дачкой. Пасля такіх навінаў маці давялося выклікаць хуткую.

«Я бы хацела, каб Казакевіч атрымаў максімальнае пакаранне», – кажа Наталля.

14:18

14:11

Наступным выступае Аляксандр Александровец. Яго жонку Алену забіў Казакевіч. Мужчына расказвае, што яго жонка зусім нядаўна перад трагедыяй уладкавалася на працу ў «Новую Еўропу», была яшчэ на выпрабаваўчым тэрміне. Апошні раз Аляксандр гаварыў з жонкай па тэлефоне літаральна за некалькі хвілін да яе смерці.

Пра здарэнне даведаўся ўвечары, прачытаўшы навіны ў сеціве. Пачаў званіць Алене – слухаўку не здымалі. Мужчына пачаў разумець, што, магчыма, штосьці здарылася менавіта з яго жонкай. Пазней пазванілі з міліцыі і сказалі, што Алену забілі.

14:03

«Хачу спытаць: пасля забойства, у час, калі вы былі пад вартай… Ці не ўзнікала жаданне забіваць яшчэ?» – спытаў Аляксандр, муж загінулай жанчыны.

«Узнікала. Яно заўсёды ёсць», – паціснуў плячыма Улад.

14:01

Допыт Казакевіча працягваецца. Суддзя пытаецца наконт пазоваў, якія накіравалі пацярпелыя.

«Супраць пазоваў нічога не маю. Але загнулі надта. Надта вялікія сумы, – каментуе хлопец. – За пахаванні заплацілі – і досыць. Кампенсацыя маральнай шкоды мяне не цікавіць».

12:54

12:53

Пасяджэнне спыняюць. У судзе перапынак да 14:00, пасля допыт Казакевіча працягнецца.

12:45

Адвакат абвінавачанага Уладзімір Сташкевіч адчувае сабе не надта ўтульна. Амаль на ўсе яго пытанні Казакевіч адказвае максімальна «няправільна». 

Уладзімір Сташкевіч, адвакат Улада Казакевіча

«Я планаваў тэракт пасля сканчэння ўніверсітэту. Гэта была рэальная думка, не фантазія», – настойвае хлопец.

«Ці шкадуеце, што пасля вашых дзеянняў загінула жанчына?» – пытаецца адвакат.

«Не. Шкадую толькі, што мала забіў».

12:36

Увогуле, здаецца, што хлопец свядома наганяе жахаў. Пра фільмы кажа, што любіў глядзець «маніякальныя, пра маньякаў». У інтэрнэце нібыта бавіў час за «пакараннямі Ісламскай дзяржавы без цэнзуры».

12:32

Пракурор цікавіцца, чаму ў Казакевіча было шмат прагулаў падчас яго кароткай вучобы.

Хлопец кажа, што меў праблемы са скурай, не хацелася нікуды хадзіць, бо саромеўся сваёй знешнасці.

«Можа, хтосьці дрэнна ставіўся да вас?» – удакладняе пракурор.

«Да мяне ўсе добра ставіліся… Я да ўсіх дрэнна», – пасміхаецца Казакевіч.

«А чаму вы так ставіліся?» – пытаецца суддзя Арлоў.

«Ну… Проста. Я ж збіраўся забіваць людзей».

12:25

Улад Казакевіч апошні месяц перад злачынствам жыў адзін. Бацька жыў нездалёк, але асобна. Маці – за мяжой. У верасні 2016 года вучыцца за мяжу з’ехала і сястра Улада. 

«Вы дзяліліся сваімі думкамі, цяжкасцямі з бацькамі?» – пытаецца пракурор.

«Не было аніякіх цяжкасцяў. Усё было крута», – адказвае Казакевіч.

Сяброў у хлопца не было. Сам ён запэўнівае, што сябры яму і не былі патрэбныя.

12:15

Раней у Казакевіча былі спробы скончыць жыццё самагубствам. У 2014 годзе хлопец спрабаваў павесіцца, але перадумаў. Пасля хацеў атруціцца чадным газам у бацькавым гаражы. Але яго знайшла маці («я ідыёт быў, сказаў камусьці», – смяецца Улад).

«Не ведаю, што падштурхнула на самагубства… Не памятаю», – кажа хлопец.

Пасля спробы самагубства Казкевіч трапіў у Навінкі. Затым каля года быў на ўліку ў псіхіятрычным дыспансеры.

12:09

Казакевіч кажа, што ўсведамляў вынік сваіх паводзінаў. Але не хацеў у турму, таму планаваў узяць закладнікаў, каб пасля быць забітым.

«Каб можна было забіць, а пасля гуляць, то я б забіваў бы і гуляў пасля. А ў турму не хацеў», – тлумачыць Казакевіч.

12:06

Час ад часу хлопец нават пасміхаецца.

«Вы былі ў навушніках, каб не чуць крыкі ахвяраў?» – пытаецца пракурор.

«Не. Уключыў музыку, каб было весялей. І каб не чуць бензапілу, моцна шумела», – з усмешкай кажа Улад.

12:03

Адмыслова жанчын у ахвяры не выбіраў, запэўнівае Казакевіч.

«Проста жанчын больш было. Хто трапіўся, той трапіўся», – кажа ён.

11:58

Пракурор цікавіцца, чаму хлопец выбраў менавіта гандлёвы цэнтр «Новая Еўропа».

«Ён быў бліжэйшы да хаты, плюс я там быў ужо, арыентаваўся», – кажа Улад.

Пытаюць пра алкаголь.

Казакевіч кажа, што падчас паездкі ва ўніверсітэт быў цвярозы. Але на наступны дзень вырашыў трохі выпіць, каб «не запароць, каб не накасячыць», бо моцна хваляваўся. Таму развёў 150 грамаў гарэлкі вадой і паціху піў, каб моцна не напіцца.

Раней, сцвярджае Улад, ён не ўжываў алкаголь увогуле. Толькі пару разоў спрабаваў трохі, і яму не падабалася.

11:53

Увогуле, складваецца ўражанне, што Казакевіч проста выдумляе як мага больш жудасныя ідэі, каб шакаваць напоўніцу.

«Хацеў пасля сканчэння ўніверсітэту зладзіць буйны тэракт. Забіваць кітайцаў, мусульман…

— кажа Улад. — Але адлічылі, планы сарваліся».

«Навошта забіваць?» – пытае суддзя.

«Дзеля прыкола», – адказвае хлопец.

11:49

Вырашыў рэзаць жанчын, што стаялі побач пілой, пасля дастаў сякеру. Расказвае, як забіваў – спакойна, падрабязна.

«Там была прыбіральшчыца, але яна збегла, не забіў на жаль, – кажа Улад. – А даганяць было ўлом».

Хлопец сцвярджае, што меў план узяць закладніка, каб прыехаў спецназ.

«Спецназ забіў бы мяне. Гэта была не мэта, але фінал», – кажа Казакевіч.

Але гэта зрабіць перашкодзілі наведнікі, якія імкнуліся затрымаць хлопца.

11:46

Таксама хлопец кажа, што хацеў выклікаць прастытутку, каб патрэніравацца ў забойстве і з’есці яе мазгі.

7 кастрычніка ён прыехаў ва ўніверсітэт, адмыслова каб паспець на пару, дзе быў бы ўвесь курс. Пераапрануўся ў прыбіральні, але, выходзячы, ударыў пілой і трохі пашкодзіў яе.

Тады хлопец сыйшоў у парк побач ізноў настроіў пілу. Але лекцыя ўжо скончылася. Вырашыў ехаць на наступны дзень ізноў.

Але 8 кастрычніка ён праспаў, ды і «лянота была ехаць». Таму вырашыў пайсці ў гандлёвы цэнтр.

Меў яшчэ перцовыя балоны. Планаваў накінуцца з імі на ахоўнікаў, пасля іх распіліць.

Але аховы не было. Таму хлопец кінуўся на тых, хто трапіўся яму на вочы.

11:39

Суд перайшоў да допыту абвінавачанага.

«3 кастрычніка ўзнікла жаданне забіць як мага больш аднакурснікаў. Гэта было ўвечары, калі я быў у паліклініцы, – абсалютна спакойна пачынае аповед Казакевіч.

Хлопец не змог атрымаць даведку ў паліклініцы. Дакумент быў патрэбен, бо Улад меў шмат прагулаў.

«І вырашыў, што выдатная ідэя папілаваць іх бензапілой. Не, спачатку хацеў парубіць, пасля вырашыў папілаваць», – кажа Казакевіч.

Такія ідэі былі даўно, прызнаецца хлопец, а адлічэнне з універсітэта проста стала нагодай.

Казакевіч набыў пілу, сякеру, вопратку. З’ездзіў на Цнянскае водасховішча – трэніраваўся, папіліў сухастой.

11:35

11:19

Падчас невялікага перапынку Аляксандр Александровец даў чарговы каментар журналістам.

«Я не ўбачыў шкадавання ці раскаяння ў яго [Казакевіча] вачах», – сказаў мужчына.

11:11

Сваю віну Улад Казакевіч прызнаў цалкам.

11:07

Па версіі следства, перад візітам у «Новую Еўропу» Улад ізноў выпіў 150 грамаў гарэлкі.

У гандлёвым цэнтры Казакевіч сустрэў першую з пацярпелых – Ганну Разентаву. Але жанчына заўважыла яго і збегла. Тады хлопец хутка падыйшоў да іншай жанчыны – Алены Александровец – і два разы ўдарыў яе бензапілой. Піла заглухла, тады хлопец дабіў жанчыну сякерай. Александровец загінула.

Пасля Казакевіч зайшоў у піццэрыю, што была ў гандлёвым цэнтры. Там ён два разы ўдарыў сякерай Аксану Вітвер, перабіўшы ёй руку. Але наведнікі «вымусілі Казакевіча сысці з памяшкання».

У гандлёвай залі Улад сустрэў яшчэ адну супрацоўніцу цэнтра – Ірыну Баешка. Ударыў яе сякерай, трохі пашкодзіўшы руку. Але жанчына збегла.

Затым хлопца затрымалі.

11:00

Пракурор зачытвае абвінавачванне:

«З 15 гадоў хлопец фактычна пражываў адзін», перад забойствам «адчуваў расчараванне ў сабе і нянавісць да людзей».

Перад сваім учынкам Казакевіч праглядваў у сеціве відэа аб масавых забойствах, у тым ліку і забойствах бензапілой.

Узгадвае пракурор і выпадак ва ўніверсітэце, калі Казакевіч прыйшоў туды з бензапілой. Па версіі следства, хлопец выпіў 150 грамаў водкі і рыхтаваўся да масавых забойстваў. Але выпадкова адключыў бензапілу і не змог завесці яе пасля.

10:48

Акрамя таго, адна з пацярпелых, супрацоўніца ГЦ «Новая Еўропа», таксама падала пазоў. Аксана Вітвер папрасіла спагнаць з Казакевіча 568 рублёў 30 капеек матэрыяльнай шкоды. Плюс 39 тысяч рублёў маральнай шкоды (раней бацька Улада сплаціў жанчыне 1 тысячу).

10:47

Алеся Александровец, дачка ахвяры забойства, просіць спагнаць з абвінавачанага 75 тысяч рублёў. Муж загінулай хоча спагнаць з Казакевіча трохі больш за 50 тысяч за матэрыяльную і маральную шкоду.

10:35

Ганна Разентава, яшчэ адна з пацярпелых, кажа, што таксама рыхтуе пазоў да Казакевіча. Праўда, дакумент яшчэ не гатовы, будзе прадстаўлены суду пазней.

10:31

Наталля, сястра загінулай, разам з маці

10:29

Наталля, сястра загінулай, таксама хоча спагнаць грошы з Казакевіча. За маральную шкоду яна патрабуе 45 тысяч рублёў за вылікам 1 тысячы. Гэтую тысячу жанчыне ўжо перадаў бацька Казакевіча.

10:25

Адна з пацярпелых – Марыя Налівайка, маці загінулай Алены Александронец. Моцна хвалюючыся яна зачытвае з паперы:

«Не выразіць словамі той боль і горыч у сувязі з забойствам нашай дачкі. Усё вакол афарбавалася ў цёмныя тоны… часам не хочацца жыць… Я і па сёння чакаю ад яе званка».

Марыя Налівайка, маці загінулай Алены Александронец

Жанчына чытае праз слёзы. Кажа, што пасля смерці дачкі ў яе абвастрыліся хваробы. Расказвае, што яе муж, бацька загінулай, інвалід. Яго стан здароўя таксама пагоршыўся.

Акрамя таго жанчына скардзіцца, што бацькі Казакевіча нават не пазванілі ёй выказаць спачуванні.

Жанчына хоча спагнаць з Казакевіча за маральную шкоду 65 тысяч рублёў. Плюс – 96 рублёў матэрыяльнай шкоды, гэтыя грошы яна выдаткавала на лекі.

З 65 тысяч трэба вылічыць 2 тысячы, кажа жанчына. Гэтыя грошы ёй перадаў Валянцін Казакевіч, бацька Улада, 18 лютага.

10:13

Суддзя Арлоў высвятляе асобу абвінавачванага, пытаецца, калі той быў затрыманы. Казакевіч адказвае спакойна, але коратка. Стаіць і сядзіць, склаўшы рукі перад сабой.

10:02

10:00

Улад Казакевіч трымаецца спакойна. 

09:57

Аляксандр Александронец, муж загінулай жанчыны, кажа, што чакае максімальнага пакарання для Казакевіча.

«Хачу, каб далі па максімуме», – кажа ён.

Аляксандр Александронец

Улад Казакевіч – той самы хлопец, які ў кастрычніку 2016 года прыйшоў з бензапілой і сякерай у ГЦ «Новая Еўропа» і забіў там прадавачку. Мог бы і іншых парэзаць, але знайшоўся хлопец-прадавец, які яго паваліў і скруціў.

Казакевіча абвінавачваюць паводле некалькіх артыкулаў, у тым ліку вінавацяць у забойстве і падрыхтоўцы да забойства. Яму пагражае ад 6 да 15 гадоў пазбаўлення волі. Расстраляць ці асудзіць на пажыццёвае Казакевіча не могуць – на момант злачынства Улад быў непаўналетнім.

Экспертыза паказала, што падчас злачынства хлопец усведамляў, што робіць. Следства высветліла, што за некалькі дзён перад забойствам у гандлёвым цэнтры, Улад Казакевіч прыходзіў з бензапілой ва ўніверсітэт (ён вучыўся ў МІПСА, адкуль быў адлічаны). На шчасце, інструмент проста не завёўся.

Але ж завёўся ён увечары 8 кастрычніка 2016 года, калі Улад нападпітку прыйшоў у ГЦ «Новая Еўропа». Ён паспрабаваў напасці на жанчыну, тая збегла, тады хлопец кінуўся на іншую – два разы ўдарыў яе бензапілой. Інструмент заглух. Хлопец дастаў з чахла ад гітары сякеру і некалькі разоў дабіў параненую. 43-гадовая жанчына сканала на месцы. У яе засталася дачка-інвалід. Сёння яна прысутнічае ў судзе, для яе працуе сурдаперакладчык.

Затым Казакевіч параніў яшчэ дзвюх жанчын. Пасля чаго яго скруціў хлопец.

Пацярпелымі ў крымінальнай справе праходзяць тры жанчыны, якіх атакаваў Казакевіч, і дачка загінулай.

Уладзь Швядовіч, «Наша Ніва».