Згвалтаванне, што здарылася ў ноч з суботу на нядзелю ў Гродне, раскрылі аператыўнікі крымінальнага вышуку Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі разам з калегамі з упралення ўнутраных спраў.

У міліцыю па тэлефоне звярнулася 36-гадовая мясцовая жыхарка. Яна паведаміла, што яе згвалтавалі. «Па гарачых слядах» удалося знайсці і затрымаць падазронага.

Начальнік ОУР Кастрычніцкага РАУС падпалкоўнік міліцыі Уладзімір Валчкевіч расказаў, што жанчына пазнаёмілася з гвалтаўніком у інтэрнэце на адпаведным сайце. Пасля дзесяці дзён перапіскі людзі сустрэліся. Спачатку пасядзелі ў цэнтры ў кафэ, а потым адправіліся ў забаўляльную ўстанову па вуліцы Паповіча.

Ужо было далёка за поўнач, калі мужчына прапанаваў новай знаёмай пайсці прагуляцца да Нёмана, дзе яго нібы падмянілі.

Ён напаў на жанчыну, зняў з яе залаты ланцужок і завушніцы, ударыў некалькі разоў па твары, пасля чаго згвалціў.

Паўтарыў гэта зноў, пасля таго, як знайшоў у яе ў тэлефоне перапіску з іншымі мужчынамі на гэтым жа сайце. Цудам пацярпелай удалося астудзіць яго запал. Калі разышліся, ахвяра тут жа звярнулася ў міліцыю.

Пазней даведаліся, што на сайце знаёмстваў гвалтаўнік прысутнічаў з выдуманым імем, чужым фотаздымкам і паказаў не свой узрост. Таму жанчынам, кажа Уладзімір Валчкевіч, варта быць вельмі ўважлівымі, заводзячы падобныя сувязі.

Калі і адважыліся на сустрэчу, то неабходна сказаць сваякам альбо знаёмым ўсю вядомую інфармацыю. Бо ў дадзеным выпадку, усё магло скончыцца куды горш. Зламыснік у мінулым судзімы за забойства і згвалтаванне. А ў жанчыны дома засталося двое непаўналетніх дзяцей, якія не ведалі, куды пайшла мама.