Неяк у савецкія часы дзяўчаты з правінцыі прыехалі ў Мінск па справах. Будынак, патрэбны ім, месціўся на вуліцы Шорнай.

Абышлі бедныя дзяўчаты ледзь не ўсю сталіцу, перачыталі безліч шыльдаў, а патрэбнай вуліцы так і не знайшлі.

А там, дзе па ўсіх паказчыках павінна быць “Шорная”, значылася чамусьці “Рымарская”. Так ні з чым дамоў і вярнуліся.

Пачалі жаліцца бацькам, якое ўсё незразумелае ў гэтай сталіцы. Але ж мама адной з дзяўчат растлумачыла, што “Рымарская” гэта і ёсць “Шорная” толькі па-беларуску. Шорнік – гэта чалавек, які робіць конскую вупраж. Па-беларуску ён называецца “рымар”. Прыйшлося дзяўчатам ехаць у сталіцу другі раз.