Ці каштавалі вы пячэнне з вавёркамі? А араць у хаце спрабавалі? Сёння на працягу дня мы змесцім дзесяць гісторый пра беларускую мову, пасля якіх гэтыя пытанні не пададуцца вам дзіўнымі.
У некаторых гісторыях адно слова мы выдзелім чырвоным колерам. А вам, нашы чытачы, прапануем конкурс: сабраць усе “чырвоныя” словы, скласці з імі адзін сказ і даслаць у рэдакцыю на адрас regionnews@rh.by з паметкай “на конкурс”. Аўтар самага цікавага сказа атрымае прыз ад рэдакцыі. Сказаў чакаем да канца тыдня.
Ну што, пачынаем?
У Ірыны бацька быў вайскоўцам. Сям’я доўгі час жыла ў Расіі, а пасля пераехала ў Беларусь. Тут Ірына знайшла сваё жаночае шчасце. Пазнаёмілася з вілейскім хлопцам Уладзімірам. Не прайшло і года, як закаханыя пажаніліся.
Уладзімір пачаў называць маладую жонку Малпачкай. Ірыне так падабалася гэта слова. Здавалася такім цёплым і пяшчотным. Але да пэўнага часу…
Аднойчы на працы жанчыны загаварылі пра каханне і сям’ю. Захацелася падзяліцца сваім шчасцем і Ірыне:
– А ведаеце, дзяўчаты, мой муж мяне так кахае! Ён называе мяне Малпачкай.
Калегі пасмяяліся і далі Ірыне першы ўрок беларускай мовы.
Напэўна, з гэтага часу жанчына зразумела: трэба вучыць мову той краіны, дзе жывеш.