Недалёка ад Мінска міліцыя затрымала найбуйнейшага за апошні час фальшываманетчыка, удакладняе “СБ”. Яго падпольную друкарню па вытворчасці падробленых беларускіх рублёў спецыяльны атрад хуткага рэагавання браў штурмам. Тэхналогіі, якія выкарыстаў падазраваны, здзівілі нават дасведчаных аператыўнікаў: яшчэ крыху – і гэтыя грошы было б вельмі складана адрозніць ад сапраўдных.

У канцы студзеня ў Мінску з’явіліся фальшывыя 20-рублёвыя банкноты. Іх знаходзілі ў касах крамаў, у кіёсках “Мінсктранса”, у выручцы маршрутных таксі. Знаходзілі падробленыя купюры і бабулі, якія прадаюць кветкі ў пераходах. Аператыўнікам адразу стала ясна: гэта справа рук адной групы зламыснікаў. Супрацоўнікі УБЭЗ ГУУС пачалі інтэнсіўны вышук.

Вольга Загароўская, старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах ГУБЭЗ МУС: “Затрымалі Н. з сямю падробленымі банкнотамі наміналам у 20 рублёў. Ён распавядаў, што ў сацыяльных сетках пазнаёміўся з хлопцам па імю Дзмітрый”. У пачатку гэтага года Дзмітрый С., які апынуўся 28-гадовым жыхаром Горак, прапанаваў кампаньёну дадаткова падзарабіць, сбываючы фальшывыя купюры. Паводле інфармацыі аператыўнікаў, сустракаліся “бізнесмены” на вуліцы. Н. атрымліваў па 10 фальшывых купюр і разменьваў іх, купляючы талончык ці кветкі ў бабулі ў пераходзе. Грошы дзялілі 50 на 50. Пры гэтым М. зусім не ўяўляў, як на самой справе завуць вытворцу і дзе той жыве.

Фота sb.by.

Фота sb.by.

Каб гэта высветліць, супрацоўнікі аддзелаў па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі працавалі кругласутачна. У выніку вызначылі: падпольная друкарня, хутчэй за ўсё, размешчана ў адным з дачных кааператываў Смалявіцкага раёна. Бралі фальшываманетчыка з сілавой падтрымкай СОБРа. “Мы не ведалі, што нас там чакае і як ён будзе далей паводзіць сябе. Адразу С. не адчыніў. І пакуль мы ламалі жалезныя дзверы, ён знішчаў падробленыя купюры”, – калі спецатряд уварваўся ў памяшканне, распавядае Загароўская, у печы тлеў пачак банкнот з 200 ужо гатовымі да рэалізацыі 20-рублёвак. “Ваду, хутка!” – крыкнуў хтосьці з аператыўнікаў. Палову гарэлых купюр ўсё ж удалося выцягнуць з печы.

Фальшываманетчык шчыра здзівіўся, што яго знайшлі. Быў упэўнены, што пабудаваў працу з максімальнай канспірацыяй.

На ўдакладняючыя пытанні ён, як кажа Загароўская, з непадробным гонарам апавядаў пра сваю тэхналогію. Прызнаваўся, што даўно вывучае гэтую злачынную тэму і бярэ прыклад са знакамітага з часоў СССР фальшываманетчыка Баранава.

Акрамя фальшывак і абсталявання, на якім яны вырабляліся, аператыўнікі знайшлі больш за 10 лістоў фармату А4 з выявамі дваццатак. Іх заставалася толькі разрэзаць. Выявілі і лісты паперы, на якія ўжо была нанесеная ахоўная палоска. На экране ноўтбука, які стаяў побач, красавалася гатовая да друку 100-рублёвая купюра. Для яе вырабу, прычым у высокай якасці, С. проста не хапіла часу.

Фота sb.by.

Фота sb.by.

“За 15 гадоў службы фальшывак такой якасці не было”, – прызнаецца Загароўская. Як правіла, фальшываманетчыкі выкарыстоўваюць прынтэр і сканер і не клапоцяцца пра ахоўныя элементы. Бывала, злачынцы спрабавалі імітаваць вадзяны знак. Але яны альбо малявалі яго пэндзлікам, альбо клалі паміж двума пластамі паперы яшчэ адзін ліст. Гэтыя выпадкі можна пералічыць па пальцах адной рукі. Лецішча ж затрыманага С., якое на самой справе належыла яго маме, у літаральным сэнсе, гавораць аператыўнікі, ўяўляла сабой падпольны цэх па вытворчасці фальшывак.

Затрыманы насычаў паперу адмысловымі хімікатамі, асаблівым чынам сушыў, затым клаў пад адмысловы прэс, каб яна мела патрэбную шчыльнасць і каб “хрумсцела” ў руках.

Старанна на кампутары падбіраў колер, каб копія дакладна адпавядала арыгіналу. Ахоўная нітка на купюры была не проста візуальна падобная на сапраўдную: падазраваны планаваў наносіць на яе сімвалы, якія там павінны знаходзіцца. Яшчэ крыху – і на яго банкнотах з’явіліся б самаробныя вадзяныя знакі. С. распавядаў аператыўнікам, што ўжо быў гатовы іх увесці.

Следства мяркуе, што ў грамадзянскім абароце могуць яшчэ знаходзіцца падробленыя купюры наміналам 20 рублёў узору 2009 года з серыйным нумарам “СК 8387976”.

У сувязі з гэтым следства звяртаецца да грамадзян з просьбай зверыць нумары сваіх грошай. У выпадку супадзення серыйнага нумара неабходна звярнуцца па тэлефонах: 8 (017) 252-02-02, 8 (017) 256-14-34.