Міжнародны дзень роднай мовы штогод адзначаецца 21 лютага. У гонар свята ва ўстановах адукацыі праходзяць акцыі, флэшмобы, арт-мобы, канцэрты, літаратурна-музычныя сустрэчы і г.д.

У гімназіі №7 г. Маладзечна Дзень роднай мовы прайшоў у рамках дэкады гуманітарных навук (рускай і беларускай моў). Усе жадаючыя, пачынаючы ад самых маленькіх да выпускнікоў, прымалі ўдзел у акцыі “Гаворым па-беларуску”.

У школе на кожным паверсе былі аформленыя стэнды і плакаты з красвордамі, загадкамі, вершамі, цытатамі айчынных пісьменнікаў.

“Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў” – пісаў наш першадрукар Фрасцыск Скарына. Дзякуючы яму 500 гадоў назад беларусы аднымі з першых у свеце набылі друкаваную Біблію на роднай мове. Пра гэтую значную падзею з гісторыі не забыліся ўдзельнікі акцыі.

Выкладчыкі беларускай мовы Вольга Барэйка і Ірына Лагвіненка ў нацыянальных касцюмах праводзілі конкурсы і віктарыны, у якіх вучні з энтузіязмам прымалі ўдзел і за правільны адказ атрымлівалі салодкі прыз.

Асабліва спадабалася заданне: упрыгожыць намаляваную бярозу лісточкамі з любімымі словамі на роднай мове.

Настаўнікі іншых прадметаў размаўлялі самі і прапаноўвалі адказваць дамашнее заданне па-беларуску.

Творча падышлі да свята і работнікі сталовай, якія пераклалі меню на беларускую мову і размясцілі на кожным стале пажаданне “Смачна есці!”.