Народнага артыста Міхаіла Казінца, які нарадзіўся ў вёсцы Цынцавічы на Вілейшчыне, прызналі лепшым у намінацыі “Музычнае мастацтва”.

Цырымонію ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу правялі ў Палацы мастацтваў у Бабруйску, які прыняў статус культурнай сталіцы Беларусі 2017 года.

Тут міністр культуры Барыс Святлоў уручыў узнагароду галоўнаму дырыжору Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя Жыновіча народнаму артысту Міхаілу Казінцу.

Вілейскі паэт Мікола Кутас прыгадаў, што даведаўся пра знакамітага земляка, калі паглядзеў дакументальны фільм пра дзяцінства і юнацтва музыканта.

– Асабліва запомніліся кадры, – успамінае паэт, – калі музыкант стукае ў акно пустой будыніны і кажа: “Вось тут, за шыбамі школьнага будынка, праходзіла мая маладосць”. Тады ж захацелася бліжэй пазнаёміцца з творчасцю гэтага чалавека. Бо створанае ім – не толькі здабытак Вілейскага краю, але і скарб душы для кожнага чалавека.

Асоба і творчасць музыканта настолькі ўразілі вілейскага паэта, што той прысвяціў яму верш.

Кіраўнік узорнага калектыву аўтарскай песні “Імпэт” Галіна Кутас распавяла, што Міхаіл Казінец не забывае сваю малую радзіму. Дырыжор часта бывае ў Вілейцы з канцэртамі.

Галіне Віктараўне пашчасціла прысутнічаць у Вілейцы на рок-оперы  “Песня пра долю”, прысвечанай Уладзіміру Мулявіну. Там Міхаіл Казінец выступаў як дырыжор. Выступленне сабрала поўную залу людзей у гарадскім Палацы культуры.

А яшчэ ён некалі дапамог Галіне Кутас. Праз яго жанчына перадала свае вершы кампазітару Леаніду Захлеўнаму. А той напісаў да іх музыку.

Па словах Галіны Кутас, музыканта заўсёды засмучае, калі на канцэртах гучыць мала песень на беларускай мове.

Даведка “РГ”

Міхаіл Казінец нарадзіўся ў вёсцы Цынцавічы Вілейскага раёна ў 1938 годзе. Скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класе оперна-сімфанічнага дырыжыравання.

Ад  1972 года пачаў працаваць у Нацыянальным аркестры Беларусі. Ад 1975 года і па цяперашні час узначальвае гэты калектыў.

Працу галоўнага дырыжора на працягу доўгага перыяду часу сумяшчаў з выкладчыцкай дзейнасцю ў якасці прафесара Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі.

Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў, медалём Францішка Скарыны. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры і прэміі “За духоўнае адраджэнне”.