Які ён, тыповы беларускі мужчына? Паслухаем статыстыкаў.
Сярэднестатыстычны беларус жыве ў горадзе, хутчэй за ўсё – у сталіцы (кожны пяты) або ў Мінскай вобласці (кожны сёмы).
Яму каля 37 гадоў. Сярэднестатыстычны мужчына з сельскай мясцовасці старэйшы – яму 41 год. Працуе ў адной з традыцыйна мужчынскіх сфер: прамысловасць, будаўніцтва або транспарт.
Колькасць мужчын па абласцях і Мінску (на пачатак 2017 году)
Ажаніўся ў 27 гадоў, прычым першы раз. А вось калі надумае развесціся і паўтарыць паход пад вянец, то не раней, чым у 41.
Дарэчы, у Беларусі мужчын прыкладна 4,4 мільёны. Гэта менш, чым жанчын (46,6% супраць 53,4%).
Але, да радасці мілых дам, лік кавалераў з кожным годам трохі павялічваецца. Паводле звестак Белстата, у 2017 годзе мужчын стала больш на 6 тысяч.