Напярэдадні 23 лютага многія магазіны загадзя паклапаціліся пра тое, каб тыповых мужчынскіх падарункаў хапіла ўсім. Сярод таго, што звычайна набываюць, шкарпэткі, пена для галення, парфума.

Мы спыталіся ў маладзечанцаў, чаго яны чакаюць у падарунак, а якія варыянты, наадварот, выклікаюць жаданне паставіць на самую далёкую паліцу.

Шкарпэткі? Толькі падарыце – расцалую

Ігар Емяльяненка працуе зваршчыкам. На яго адзенне, вядома, трапляюць іскры, і з’яўляюцца дзірачкі. Калі верхняе адзенне больш трывалае, то са шкарпэткамі праблемы – усе ў дзірачках.

– Калі мае знаёмыя жанчыны вырашаць падарыць шкарпэткі, толькі расцалую за гэта, – усміхаецца віляйчанін. – Для мяне гэта сапраўды карысны падарунак. Ды і не толькі я буду самым шчаслівым чалавекам, яшчэ і жонка, бо не паспявае набываць гэтыя рэчы. Ад жонкі таксама не чакаю нечага незвычайнага, галоўны падарунак – яна сама і наш сынок. У гэты дзень дастаткова, каб уся сям’я была разам.

Уключыце фантазію, тады і шкарпэткі не будуць банальнымі

Маладзечанец Віталь Назарэвіч лічыць 23 лютага савецкім перажыткам, аднак калі яго адзначаць, то лепш рабіць дзень не падобным на іншыя. А значыць, і над падарункам неабходна падумаць.

– Не хацеў бы атрымаць банальныя шкарпэткі ці нейкі крэм, – адзначае мужчына. – Складаецца адчуванне – абы падарыць. У такім выпадку лепш нічога. І сам нібы губляеш індывідуальнасць. Аднак штогод атрымліваю падарункі са спіса, які ў адносінах да мужчын становіцца традыцыйным.

Віталь адзначае, што галоўнае – уключыць фантазію. Тады і шкарпэткі могуць успрымацца па-іншаму. Так маладзёну запомніўся кошык, у якім былі ружы са шкарпэтак.

Чым падарунак, лепш бавіць час разам

Алег Янцэвіч салідарны з Віталём – не хацеў бы ў падарунак шкарпэткі і пену для галення.

– Хацелася б атрымліваць паштоўкі, сувеніры і іншыя невялікія знакі ўвагі з надпісам “23 лютага”, – расказвае прадстаўнік моцнай паловы чалавецтва. – Увогуле не лічу, што на гэта свята неабходна дарыць сур’ёзныя падарункі, лепш зрабіць рамантычную вячэру альбо схадзіць некуды, бавіць час разам. Менавіта такіх падарункаў чакаю ад сваёй дзяўчыны.

Часцей за ўсё на 23 лютага Алег атрымлівае сувеніры, нататнікі і іншыя падобныя рэчы, якія акрамя іншага яшчэ і вельмі карысныя.

І 23 лютага, і 8 сакавіка без падарункаў

У сям’і Уладзіміра Садоўскага не адзначаюць ні 23 лютага, ні 8 сакавіка. Лічаць, што гэта штучныя святы, якія не маюць дачынення да беларускай гісторыі.

– Але восьмага сакавіка ў маёй бабулі дзень народзінаў, таму ўся ўвага ёй, –дзеліцца мужчына.

Дзяліцеся ў каментарах, якія падарункі вы прыдбалі на 23 лютага, як на іх адрэагавалі мужчыны.