Першае, што кідаецца ў вочы, калі заходзіш у фае дзіцячай мастацкай школы – малюнак старога, пад якім быццам японскімі іерогліфамі напісана “Выстава Руса Ельяшэвіча”.

А навокал гучыць японская музыка.

16 лютага ўрачыста адкрылася выстава графікі маладзечанца Руслана Ельяшэвіча.

Руслану 32 гады. Гэта яго першая выстава. І ён зусім не мастак.

Так атрымалася, што здольнасці ў хлопца да малявання былі з дзяцінства, аднак адмысловую мастацкую адукацыю ён не атрымаў.

– Магчыма, гэта і да лепшага, – скажа пасля дырэктар мастацкай школы Наталля Трус, – здараецца, што тэарэтычныя веды і забіваюць тую прыродную непасрэднасць, якая павінна быць у сапраўднага мастака.

Што прываблівае ў творах Руслана, дык гэта, што іх нельга не тое што зразумець, а нават убачыць з першага разу.

Так атрымалася ў мяне і з “японцам”. Калі падыходзіш да палатна бліжэй, заўважаеш, што гэта і не японец зусім. А з трэцяга разу бачыш, што ў валасах у старога авечкі.

– Гэта карціна пра грузінскага пастуха, – расказаў Руслан Ельяшэвіч. – А калі гаварыць пра агульную тэматыку выставы, то я назваў яе зборнай салянкай. Імгненнем. Уражаннем. Бывае, ­ідзеш па горадзе, убачыш, напрыклад, дзіця. А яго позірк настолькі западае ў тваю душу, што прыходзіш дамоў, садзішся на балкон і малюеш карціну, сюжэт якой падказаў толькі позірк гэтага дзіцяці.

– Малюеце на балконе?

– Не заўсёды. Бывае, натхненне прыходзіць у чатыры гадзіны раніцы. Тады я больш люблю выходзіць на балкон, сустракаць світанак. І, не перашкаджаючы нікому, маляваць.

Адной з самых любімых работ з’яўляецца яго карціна “Чаканне”.

Любы маладзечанец, гледзячы на карціну, лёгка ўзгадае тое скрыжаванне вуліц Валынца і Прытыцкага, дзе раней была праезная частка.

– Каля “Беларусбанка” святлафор ніколі не працаваў і заўсёды міргаў жоўтым. Для чаго ён там вісеў? Чаму не працаваў?

На адкрыццё выставы прыйшлі выкладчыкі мастацкай школы, маладзечанскія мастакі Алена Кучко, Генадзь Селядзец, Рыгор Мяжуеў. Давалі парады Руслану Ельяшэвічу, віншавалі з выставай, але калі папрасілі самога Руслана даць параду навучэнцам школы, той адказаў:

– Не бойцеся сапсаваць ліст. Галоўнае, пачаць, а потым першая лінія падкажа, што бу­дзе далей. Не бойцеся эксперыментаваць. Адважвайцеся! Спрабуйце!

Выставу Руслана Ельяшэвіча можна паглядзець у фае дзіцячай мастацкай школы да 28 лютага.