У Мінскім гарадскім судзе далі паказанні бацькі Улада Казакевіча – хлопца, які прыйшоў у гандлёвы цэнтр “Новая Еўропа” з бензапілой ды сякерай і забіў жанчыну.

Першай выслухалі Вольгу Мажэйка – маці Улада.

“Заўсёды былі добрыя ўзаемаадносіны. Ён добра вучыцца, займаецца спортам, дапамагае бацькам… Я яго люблю, выхоўваю з любоўю, – сказала жанчына.

7 сакавіка 2014 года яна выйшла замуж за грамадзяніна Германіі.

“Самы цяжкі для мяне быў перыяд, калі Улад быў у бальніцы – у 2014 годзе… Усё гэта [спробы і думкі пра самагубства] было шокам, вялікім стрэсам для мяне. Ён стаў вельмі закрыты – гэта мяне пужае. Але я заўсёды лічыла, што гэта яго асаблівасць характару. Любіць яго я менш не стала”.

Жанчына расказала, што з хлопцам заўсёды можна было пагаварыць, калі ён быў не згодзен, аргументаваў сваю пазіцыю.

Па словах жанчыны, Казакевіч не паспеў здзейсніць тую спробу самагубства ў гаражы, пра якую казаў раней. Маці нібыта атрымала паведамленне ад настаўніцы, што Улад даслаў дзіўную смс, і на таксі паехала шукаць сына. Знайшла Улада ля таго гаража. Тым часам бацька выклікаў міліцыю – спадзяваліся, што сына “запінгуюць” па сігнале мабільнага. Міліцыя, якая прыехала, забрала хлопца ў пастарунак, там з ім доўга гаварылі. Пасля Вольгу пераканалі, што сына варта шпіталізаваць.

“Міліцыянт сказаў: я сына вам не аддам, вы зараз з ім не паладзіце”, – узгадала Мажэйка. – Міліцыянт абгрунтаваў гэта – і я пагадзілася”.

Пасля выпіскі Улада перавялі ў іншую школу.

“Мне здавалася, што ўсё стала добра”, – кажа Мажэйка.

У мінулай школе класны кіраўнік, настаўніца біялогіі, увесь час чаплялася да сына, сцвярджае маці. Улад быў вінаваты ва ўсім: штосьці прапала, штосьці зламалі…

“Аднойчы Улад здаў лабараторную… Там быў чысты аркуш і паведамленне, што работа напісана нябачным чарнілам. Быў грандыёзны скандал”, – узгадвае маці.

Але ў 2015 годзе Улад стаў яшчэ больш замкнёным. Ён разышоўся з дзяўчынай, маці лічыць, што гэта вельмі паўплывала на хлопца.

“Але з сынам мы заўсёды былі разам. Мы жылі разам. Я з’язджала максімум на тыдзень, і тое толькі цягам 2016 года. 6 верасня я паехала ў Германію. Улад ведаў, што я прыеду 9 кастрычніка [трагедыя адбылася 8 кастрычніка]. Ён жа дастаткова дарослы. І заўсёды мог прыгледзець за сабой”, – распавяла Вольга Мажэйка.

20 верасня ў Германію паехала і сястра Улада. Хлопец застаўся ў кватэры адзін.

За дзень да яе вяртання Вользе пазваніў Валянцін Казакевіч, бацька Улада, і распавёў пра здарэнне ў гандлёвым цэнтры.

Падчас дачы паказанняў маці амаль не глядзела на сына. Улад на маці глядзеў, часам здавалася, што ён вось-вось заплача – але гэтага так і не адбылося.

Пасля дачы паказанняў суддзя прапанаваў Вользе Мажэйка застацца ў зале, калі яна хоча. Жанчына выйшла.

Наступным выслухалі Валянціна Казакевіча – бацьку.

Ён таксама сказаў, што быў з сынам у выдатных адносінах. Бацька паўтарыў версію маці, пра тое, што настаўніца занадта чаплялася да яго сына.

“У іх псіхалагічная несумяшчальнасць”, – падсумаваў мужчына.

Але сам хлопец на настаўніцу не скардзіўся.

“Улад ніколі ні на што не скардзіўся, не расказваў пра праблемы. Казаў толькі: усё нармальна, усё добра”, – паціснуў плячыма бацька.

Казакевіч-старэйшы падтрымаў ідэю сына зняцца з уліку ў дыспансеры.

“Колькі мы туды ездзілі… Я не бачыў, каб з боку медыкаў штосьці адбывалася адносна здароўя сына. Зайшлі, праз 10 хвілін выйшлі. І ўсё. І таму натуральна, што ён тую заяву напісаў”, – сказаў Валянцін Казакевіч.

Вучоба трохі ажывіла сына, узгадаў Казакевіч-старэйшы.

“Звычайна ён такі… Манатонны, хоча хутчэй скончыць размову. А тут ён быў вясёлы, меў жаданне пагаварыць даўжэй. Я абрадаваўся, думаў, добры ўплыў аказвае інстытут”.

За пару дзён да трагедыі Улад званіў бацьку.

“Ён спытаў: а як называецца шведская марка пілы? Я адказаў: “Хускварна”. А што?” – узгадаў Валянцін. — Сын адказаў: “Нічога, ёсць тут адна ідэя”.

Бацька сказаў, што ў яго ёсць дзве пілы, запрасіў сына зайсці на выходных.

“Падумаў, яго цягне да ручной працы. Сказаў: заходзь, у мяне ёсць пні, папілуем”, – распавёў мужчына.

Суддзя прапанаваў Казакевічу-старэйшаму застацца ў зале суда пасля дачы паказанняў.

“Улад, мы цябе любім”, – сказаў той сыну.

На гэтым пасяджэнне скончылася. Мужчына шчыра прызнаўся: ён пакуль не ведае, ці зможа ў далейшым прысутнічаць на працэсе.

Паводле «Нашай Нівы».