Дзіцячы псіхолаг Наталля Масюкевіч адказвае на актуальнае пытанне: як не зрабіць са сваіх  дзяцей  спажыўцоў?

Бацькі купляюць цацкі дзецям ці… сабе?

Жадаем мы таго ці не, але кожны з нас з’яўляецца спажыўцом: мы хо­дзім у крамы і карыстаемся паслугамі. Але апошнім часам слова “спажывец” стала набіраць негатыўную афарбоўку, калі гаворка заходзіць аб звышспажыванні. Гэта сітуацыі, калі мы набываем штосьці, што не з’яўляецца жыццёва неабходным.

На працы выдаўся кепскі дзень? Пайду куплю новую сукенку, трэба ж сябе парадаваць. Дзіця не хоча ісці да доктара? Паабяцаем яму новую цацку. Праблема звышспажывання з’яўляецца ў дарослых і перадаецца дзецям.

Хто з бацькоў часам не прызнаваўся сабе, што вось гэту наварочаную чыгунку купіў не столькі сыну на дзень народзінаў, колькі самому сабе? Бо ў нашым дзяцінстве такога не было, цікава разабрацца і пагуляць.

А бабулі і дзядулі, якія з асуджэннем уздыхаюць, гледзячы на гару цацак у пакоі ўнука? Нельга так песціць дзіця! А на святы самі прыносяць новыя цацкі.

– Паводле апошніх даследаванняў, дзеці на 43% фарміруюць наш спажывецкі кошык, – кажа Наталля Масюкевіч. – Калі мама ідзе ў краму па ёгурт, то які яна купіць? Той, які падабаецца дзіцяці. І гэта тычыцца ледзь не ўсіх прадуктаў. Таму дзеці становяцца мэтавай аўдыторыяй маркетынгу.

Раздзяліць “хачу” і “купі”

Дзіця, якое ў краме цягне рукі да нечага цікавага, звычайна так фармулюе свае думкі: “Мама, хачу гэты канструктар! Купі”. Менавіта ў такім парадку: спачатку “хачу”, а пасля – “купі”. Спадарыня Наталля перакананая, што сакрэт правільнай рэакцыі на просьбу дзіцяці хаваецца ў раздзяленні гэтых двух слоў.

– Часта бацькі, пачуўшы дзіцячае “хачу” ўжо прадчуваюць, што далей будзе “купі”, – тлумачыць псіхолаг. – Яны пачынаюць напружвацца і раздражняцца яшчэ да таго, як дзіця сфармулюе прось­бу. Бацькі прыхо­дзяць у баявую гатоўнасць і на аўтамаце кажуць “не” або “грошай няма”.

Гістэрыка ў краме для дзіцяці двух-троху гадоў - нармальная з'ява.

Гістэрыка ў краме для дзіцяці двух-троху гадоў – нармальная з’ява.

Псіхолаг раіць пазітыўна рэагаваць на першае слова дзіцяці – “хачу”. Хочаш? Цудоўна! Вельмі добра!

– Хаценне – гэта пачатак да дзеяння, руху наперад, галоўны рухавік усіх пераменаў у жыцці, – заўважае спадарыня Наталля. – Мэта хацення – рэалізаваць сваё жаданне, мару. Калі мы на “хачу” адразу адказваем “не”, то мы ламаем і крыўдзім дзіця. Насамрэч цудоўна, што яно нечага хоча і ўмее фармуляваць гэта.

Але важна, каб “хачу” на практыцы не ператварылася ў заграбанне рэчаў з паліц. Тут ужо павінны дапамагчы самакантроль. Яго няма ў дзяцей двух-трох гадоў, таму ў такім узросце істэрыкі ў краме – нар­мальная з’ява, якую трэба перарасці.

– Тая зона мозга, якая адказвае за самакантроль, канчаткова будзе сфарміравана прыкладна да 14 гадоў, – кажа псіхолаг. – Да гэтага узросту  дапамагаць дзіцяці ў самакантраляванні – планаванi, параўнанні атрыманага вынiку з задуманым – мусяць бацькі.

Ідзяце ў краму з дзіцем – накіньце паўгадзіны часу

Калі дзіцяці 4-10 гадоў пасля пазітыўнай рэакцыі на яго “хачу” павінны ісці пытанні. Навошта табе гэта? Што ты будзеш з гэтым рабіць? Што табе дасць новая рэч? Гэтымі пытаннямі вы дапаможаце дзіцяці зразумець яго жаданні і патрэбы. Такія размовы патрабуюць часу, таму будзьце гатовыя яго знайсці.

Пасля “хачу” ўзнікне і запаветнае слова “купі”. Калі бацькі пазітыўна адрэагавалі на “хачу”, то “купі” будзе не патрабаваннем, а просьбай. Рэагаваць на яе прасцей. Калі ж бацькі ўжо пасля “хачу” выказалі катэгарычнае “не”, то пакрыў­джанае дзіця ідзе ў атаку і будзе настроенае больш катэгарычна.

Наталля Масюкевіч рэкамендуе:

Пасля слова “купі” даць час: добра, я цябе пачула, давай мы купім спачатку прадукты, па якія мы прыйшлі, а я за гэты час падумаю. Па-першае, дзіця можа проста забыцца аб сваім жаданні.

– Па-другое, можна прыцягнуць яго ўвагу нечым іншым, – тлумачыць псіхолаг. – У аддзеле садавіны звярнуць увагу на яго любімую: глядзі, якія спелыя бананы, твае любімыя! Бяром? Але давай выберам нешта адно: бананы або той канструктар.

Хутчэй за ўсё выйграе страўнік. Візуальны вобраз цацкі ўжо будзе размыты, а садавіна будзе перад вачыма, да таго ж яна пахне.

Абмяжоўваючы дзіця ў спантанных пакупках, важна не перагнуць пал­ку. Калі дзіця абгрунтоўвае сваё жаданне, часам варта яго здзейсніць. Ці час ад часу рабіць пакупкі, якія выбіраюць дзеці: сёння ў нас ёсць 10 рублёў, выбірайце, што хочаце.

Наталля Масюкевіч падкрэслівае, што ўсе апісаныя прыклады – гэта не інструкцыя да дзеяння, якая працуе ў 100% выпадкаў. У кожнай сям’і ўсё вельмі індывідуальна. Але парады псіхолага могуць дапамагчы пад іншым ракурсам пагля­дзець на сітуацыю і самастойна пашукаць іншага выйсця.

Дзіцячы псіхолаг Наталля Масюкевіч. Фота Юліі Мацкевіч.

Дзіцячы псіхолаг Наталля Масюкевіч. Фота Юліі Мацкевіч.

Што трэба ведаць, ідучы з дзецьмі ў краму. Парады дзіцячага псіхолага

1. Не кажыце “няма грошай”.

Гэта фраза фарміруе комплексы і думку аб тым, што сям’я бедная. Калі не хочаце нечага купляць, лепей сказаць, што няма наяўных, што грошы ёсць, але сёння мы трацім іх на іншае.

2. Малым дзецям прапануйце выбар.

Дзецям 3-5 гадоў цяжка адказаць на адкрытае пытанне тыпу “што будзеш на абед?”.

Дапамагайце дзіцяці, кіруючы яго жаданнем, але пры гэтам пакідаючы прастору для выбару: “Будзеш курыцу з макаронай ці салатай?”, “Купім такую куртку, але сінюю ці чырвоную?”.

3. Не выкарыстоўвайце пакупкі як спосаб матывацыі.

Лепей як мага радзей казаць фразы тыпу “вывучыш верш ці прыбярэшся ў пакоі – купім ляльку”. Няхай узнагародай будзе дзеянне, якое любіць дзіця. Вывучыш верш – пойдзем на лыжы.

Прыбярэш у пакоі – будзе месца, пагуляем у кіндары.

4. Схема “адну купім – адну аддадзім”.

Калі ваша кватэра ператвараецца ў склад цацак, можна прапанаваць дзіцяці такую схему: мы купім новую цацку пры ўмове: адну з тых, што ўжо ёсць, аддадзім суседцы (у дзіцячы дом, стрыечнай сястры).

Няхай дзіця само выбірае, ці гатовае яно аддаць і што менавіта.

6. “Хачу парасон як у Машы”.

Калі жаданне тлумачыцца толькі тым, што дзіця хоча быць да некага падобным, то задача бацькоў – адбіць “шумы” і дапамагчы дзіцяці зразумець сваё жаданне.

Задавайце як мага больш пытанняў. Што табе спадабалася? Ты хочаш такі ці меншы? Якога колеру? Дзе ты будзеш яго насіць?

5. Вядзіце блакнот жаданняў.

Гэта парада тым, чыім дзецям 5-7 гадоў. Няхай дзіця вядзе блакнот, у якім запісвае ўсе свае жаданні. Выконвацца яны павінны па парадку, але самае жаданае трэба запісваць пад пунктам №1.

Па-першае, запіс – гэта фізічны высілак, таму імгненныя жаданні тыпу жуйкі будуць адсейвацца. Пры гэтым бацькі ў краме будуць мець аргумент: ты зараз захацеў жуйку, але мы выконваем толькі тыя жаданні, якія прайшлі праз блакнот.

Па-другое, дзіця навучыцца асэнсоўваць свае жаданні і выбіраць самае важнае. Цікава назіраць, як дзеці жанглююць жаданнямі, у залежнасці ад настрою перапісваючы першы пункт.

– Мая дачка аднойчы перакрэсліла ўвесь спіс у блакноце і напісала толькі адно слова – “котка”. Тады мы з мужам зразумелі, што ўсё сур’ёзна, – з усмешкай прыгадвае спадарыня Наталля.