Трэнінг, прысвечаны прафесійнаму выгаранню, арганізавала Беларуская асацыяцыя журналістаў для сваіх сяброў у Маладзечне. Як справіцца з псіхалагічнымі нюансамі, распавяла псіхолаг гімназіі №10 Маладзечна Таццяна Жданава.

Праца ў нашым жыцці – галоўны пажыральнік часу. Ёй мы гэта даруем, пакуль атрымліваем у адказ чаканае – заробак, задавальненне.

Аднак з часам ні задавальненне, ні нават заробак радасці не прыносяць, праца ператвараецца ў бясконца і нудна вымотваючую шэрую пляму, якую хочацца сцерці. Гэта сігнал таго, што вы атрымалі прафесійнае выгаранне.

Тыя, хто працуе ў сферы “чалавек – чалавек”, найбольш схільныя да такой з’явы. Ім даводзіцца сустракацца з сітуацыямі і людзьмі, якія забіраюць шмат сіл. Гэта медыкі, настаўнікі, прадаўцы, чыноўнікі, касіры і іншыя.

Калі на вас крычаць, скажыце “дзякуй”

Фота needfull.net.

Фота needfull.net.

Разбіраем сітуацыю. Вы сутыкаецеся з чалавекам, які на вас крычыць, прычым прадмет крыку мае да вас даволі ўскоснае дачыненне. Падумайце, які чалавек будзе на вас крычаць? Што ён павінны адчуваць?

Яшчэ з дзяцінства для нас крык  – спосаб зняць напружанне. Нашы бабулі ведалі, што калі вельмі кепска, варта пай­сці ў лес і накрычацца. Крык – гэта псіхалагічная зброя. Крычаць для таго, каб напужаць, націснуць, прыцягнуць увагу. Калі чалавек крычыць, ён патрабуе.

Гэта можна параўнаць з чамаданам. Станоўчыя эмоцыі мы складваем у яго акуратна, а негатыў скідваем грудай. Груда прымушае чамадан раскрыцца, нават калі гэта недарэчы. Так і з чалавека перабор негатыву выцягвае крык.

Галоўнае, што трэба зрабіць у сітуацыі, калі на вас крычаць, – не адказваць крыкам на крык. Гэта зусім не проста, таму што несвядома мы эмацыйна падстройваемся пад свайго суразмоўцу.

У выпадках, калі сутыкненне з крыкам не самая рэдкая справа ў вашай практыцы, паспрабуйце засцерагчы сябе наступным практыкаваннем.

Тэхніка “Акварыум”

Погляд “вочы ў вочы” крыкун можа ўспрымаць як выклік. Гледзячы ў вочы, вы канцэнтруеце ўвагу на змесце слоў. Калі вам важна перажыць крык, а не разабрацца ў яго змесце, гля­дзіце на рот суразмоўцы і ўявіце, што гэта рыбка ў акварыуме, якая робіць смешныя рухі рыбіным роцікам.

Канцэнтравацца на крыўдным змесце вы не зможаце. Кантралюйце толькі, каб, захапіўшыся, не засмяяцца ў нязручны момант.

Адпрацаваўшы такую тэхніку, вы зможаце карыстацца ёй, як бранёй.

Тое, што інтэлект, цела і эмоцыі – абсалютна розныя галіны, гэта міф. Усё ў чалавека звязанае. У псіхасаматыцы ёсць тлумачэнні для рознага болю. Напрыклад, калі баляць плечы – вы зашмат узвалілі на сябе, ногі – адчуваеце, што нетрывала трымаецеся на зямлі.  Камяк у горле – калі не вымавілі штосьці, што хацелі сказаць ці нават выкрыкнуць.

Фота WomanAdvice.ru.

Фота WomanAdvice.ru.

Чалавека, які крычыць, варта падтрымаць, таму што найперш гэта крык аб увазе. І калі вам крычаць па рабочых момантах, і калі жонка крычыць мужу: “Калі ты нарэшце прыйдзеш дамоў своечасова!” – гэта ўсё пра ўвагу. Самае простае, чым можна дапамагчы чалавеку, які крычыць, гэта сказаць яму “дзякуй”. Але падзякаваць можна толькі тады, калі вы не прынялі сказанае на сябе.

Крыўда і злосць? Толькі вашы

Здараецца, што чалавеку трэба на кагосьці пакрычаць, каб стала лягчэй. І калі ён абраў вас – падумайце, чаму вы сталі яго ахвярай.

Магчыма, у вас саміх засеў крык, якому не дазваляеце даць выхад.

Ёсць катэгорыя лю­дзей, якім проста трэба крычаць пастаянна, і вы тут ні пры чым. Любое вашае слова яны могуць успрымаць як выклік. Сустракаюцца энергетычныя вампіры, найчасцей гэта нічым не занятыя пенсіянеры і дзеці.

Фота Edinstvennaya.ua.

Фота Edinstvennaya.ua.

Заўважце, дзеці не зважаюць увагу на тое, што стаяць вельмі блізка і парушаюць асабістую прастору. А пенсіянерам важна атрымаць эмацыйнае пагладжванне.

Крыўду лічаць самай разбуральнай эмоцыяй. Вас не павіншавалі з днём нараджэння, сядзіце і злуяцеся на гэтага чалавека. Але крыўда і злосць толькі вашы, і таму чалавеку да яе няма ніякай справы.

Я прафесіянал = я працаголік?

Вашы сямейныя/дзеці/сябры ведаюць, калі ў вас дзяжурствы, камандзіроўкі, здачы і тэрміны лепш за свой асабісты расклад. Напружанай працы столькі, што часам забываеце паесці?

Фота Babyzzz.ru.

Фота Babyzzz.ru.

Што ж, гэта часам знясільвае. Усё ж дазваляйце сабе адпачыць: сха­дзіць на піва, манікюр, у кінатэатр ці спартзалу. Улічыце, што ляжанне на канапе так сабе адпачынак, і выведзіце сябе прагуляцца, а не займайцеся самашкадаваннем.

Гэта зарадзіць вас энергіяй, а адпачываючы, парадуйцеся, што ў вас дастойная праца, якая дазваляе вам і такія маленькія радасці.

Калі вы праводзіце з дзецьмі не так шмат часу, як хацелася б, супакойцеся: важная не колькасць хвілін у адным памяшканні разам, а тое, як вы праводзіце час і як кампенсуеце затрымкі на працы.

Можна быць як бы і разам цэлы вечар у розных пакоях, а можна паспець пачытаць на ноч казку.

Як размаўляць з цяжкімі суразмоўцамі

Частка праблем у прафесійнай сферы “чалавек-чалавек” звязаная з тым, што трапляюцца цяжкія суразмоўцы. І хаця многія псіхалагічныя парады могуць быць вядомыя, ці часта мы імі карыстаемся?

Шчырая ўсмешка і ківок – гэта пераможцы ў барацьбе за давер суразмоўцы. Калі чалавек гатовы размаўляць – ён гаворыць. Калі не – гаварыце вы.

Фота free-ezoterika.ru.

Фота free-ezoterika.ru.

І не адразу пра справу, пагаварыце “пра надвор’е”, дапамажыце суразмоўцу расслабіцца. Спытайцеся, як ён дабіраўся такім марозам/спёкай/ветрам/незнаёмым маршрутам. Магчыма, у яго ёсць нейкія праблемы – спытайцеся, раптам вы можаце нечым дапамагчы.

Усё роўна не ідзе на кантакт? У кожнага ў жыцці бываюць моманты, калі турбуюць зусім іншыя клопаты. Скажыце: “Я бачу, што дыялог у нас сёння не атрымаецца. Я перазваню праз некалькі дзён”. Няхай чалавек асэнсуе патрэбнае.

Дазвольце прызнаваць у сабе звычайнага чалавека, які можа штосьці не паспець, у якога ёсць права на эмоцыі. Вас усё так дастала, што хочацца вылаяцца? Выйдзіце за дзверы – і калі ласка.

Карыстайцеся жэставай абаронай, пры непрыемнай размове стаўце рукі ў замок. Так вы сябе абмяжуеце. Адна з прычын прафесійнага выгарання – мы празмерна адкрытыя для эмацыйнага знясілення. Калі вас будуць пастаянна тузаць, то хутка нічога і не застанецца.

Размаўляючы з непрыемным вам чалавекам, асэнсуйце, што змяніць яго вы не ў сілах, у сілах толькі змяніць сваё стаўленне да сітуацыі. Думайце, што, пагаварыўшы з гэтым чалавекам, вы зробіце сваю працу якасна, яе ацэняць, а вечарам дома вас будзе чакаць любімая кошка.

Фота hochu.ua.

Фота hochu.ua.

9 псіхалагічных нюансаў, пра якія варта ведаць

– У іншых нас найбольш раздражняе тое, што мы не можам дазволіць сабе. Напрыклад, калі вас раздражняюць людзі, якія спазняюцца, верагодна, вы не спазняецеся ніколі.

– Калі мы ад кагосьці залежым, то павінны быць зручнымі гэтаму чалавеку.

– Здараецца, заходзіш у памяшканне з такой напружанай атмасферай, што ручку кінь – яна павісне ў паветры. Калі ўсе вакол злуюцца, вы таксама заражаецеся злосцю.

Пасля непрыемнай размовы адчуванне, што ў вас брудныя рукі – вось і памыйце іх.

– Маеце вялікую праблему? Напішыце яе на паперы і прачытайце ўслых. Частка праблем пасля такога практыкавання падаецца проста смешнай.

– Гаварыце пра свае эмоцыі і пачуцці! Не трымайце ў сабе!

Фота animalreader.ru.

Фота animalreader.ru.

– Каб быць паспяховым, трэба абдымацца восем разоў на дзень.

– Трымайце на стале аранжавыя фрукты.

– Знайдзіце свой спосаб аднаўлення сіл – бег, лазня, музыка.

– Калі вам кепска, падумайце пра месца, дзе вам добра.

Практыкаванне “Хто вы?”

Не палянуйцеся, вазьміце паперу і напішыце пяць слоў, якія будуць адказам на пытанне “Хто вы?”. Калі закончыце, працягвайце чытаць.

На першым месцы ў вашым спісе прафесія? Віншую, гэтак жа бывае ў большасці. А далей – “мама”/”тата”, “жонка”/”муж” і гэтак далей. Усё гэта вашы сацыяльныя ролі.

Звычайна тая сацыяльная роля, якую назвалі першай, займае найбольш часу. Але ваша асоба нашмат большая, чым усе сацыяльныя ролі, разам узятыя.

Падумайце, колькі часу вы аддаяце сабе па-за важнымі ролямі, і колькі вам, напэўна, варта навярстаць.

Фота .confusedsandals.com.

Фота .confusedsandals.com.

Практыкаванне “Тры жывёліны”

Давайце зробім яшчэ адно заданне. Таксама спачатку запішыце адказы на паперы, пасля пачытаеце, што гэта значыць.
Па чарзе пазначце трох любімых жывёлін і дадайце, за што вы іх любіце. Як закончыце спіс, чытайце далей.

Расшыфроўка

Тое, што вы паставілі на першую пазіцыю, – гэта вы “ідэальны”, той вобраз, якому хочаце адпавядаць па той прычыне, якую і напісалі.

На другім месца – вы “рэальны”.

Трэцяй пазіцыяй стаіць тое, як вас бачаць іншыя.

Фота mbc.md.

Фота mbc.md.