16 лютага ў бібліятэцы “Верасок” падвялі вынікі традыцыйнага конкурсу, які ладзіць цэнтральная бібліятэка імя Багдановіча – “Чытач года -2016”.
Сёлета ўзнагароды чакалі сваіх пераможцаў у 12 намінацыях.
Мужчыны – адданыя чытачы бібліятэкі, – безумоўна, аказаліся пераможцамі ў камбінацыях “Дэтэктыў” і “Фантастыка”. Валер Абановіч і Уладзімір Маркаў прызналіся, што любяць гэтыя жанры за таямніцы, за магчымасць акунуцца ў той свет, якога не існуе насамрэч.
А вось “Лэдзі жаночага рамана” Алена Васілеўская прызнаецца, што такія раманы таксама спосаб акунуцца ў казку, але для дарослых.
Аматаркай перыёдыкі сёлета стала Вольга Кірэева.
Яна расказала, што чытанне часопісаў для яе – гэта дэсерт.
– Калі мне трэба хутка атрымаць якую-небудзь параду, я чытаю спецыялізаваныя часопісы. Тут усё пад рукой, – дзеліцца Вольга Кірэева. – А для душы, для самаразвіцця люблю чытаць інтэрв’ю з зоркамі, са знакамітымі людзьмі. У сваіх інтэрв’ю яны часта ўзгадваюць нейкія творы, кнігі, фільмы. Я задумваюся: “Хм, калі такі чалавек прачытаў гэту кніжку, у гэтым, напэўна, нешта ёсць”. І сама стараюся адшукаць гэту кніжку або паглядзець той фільм.
Самай маладой чытачкай 2016 года стала Аляксандра Абрамовіч.
Яна прызналася, што натхніў яе на чытанне фільм “Великий уравнитель”.
– У гэтым фільме герой сказаў, што кожны павінны прачытаць свае 100 кніг. Я ўзяла гэта на ўзбраенне. А потым і не заўважыла, як гэты спіс стаў большым.
За 2016 год Саша прачытала 108 кніг.
“Самы тоўсты фармуляр” аказаўся ў Тамары Барданкі, а самым адданым чытачом бібліятэкі стаў Павел Каралёў.
Сёлета яму спаўняецца 80 гадоў. І больш за паўстагоддзя ён – чытач бібліятэкі.
Павел Усцінавіч расказаў, як аднойчы з-за кнігі ён трапіў на гаўптвахту. Было гэта ў арміі, Павел Каралёў чакаў па рацыі загаду начальства і вырашыў пачытаць. Так захапіўся, што не заўважыў, як у пакой зайшоў генерал. І пакараў салдата Каралёва за тое, што чытаў на баявым пасту.
Намінацыя “Сябра кнігі і бібліятэкі” дасталася Алене Бахмуцкай, а намінацыю “Самая чытаная пара” забралі сабе Леанід і Галіна Ракі.
Асобная намінацыя была прысвечаная “Аматару беларускай літаратуры”. Ёй сёлета стала Тэрэса Шчукіна.
Яна, у адрозненне ад аматара часопісаў Вольгі Кірэевай, прызналася, што для яе чытанне беларускіх часопісаў “Дзеяслоў”, “Полымя”, “Нёман” – не дэсерт, а асноўная “страва”.
– Чытаць па-беларуску пачала тады, калі ў мяне падрасталі дзеці. Неяк у размовах стала заўважаць, што яны не ведаюць беларускіх пісьменнікаў, не разумеюць беларускіх слоў. Давялося прывучваць іх да літаратуры, да мовы, да культуры. Так уцягнулася і сама.
А самай галоўнай намінацыяй “Чытач года” ўзнагародзілі маладзечанца Дзмітрыя Ермаковіча.
У 2016 годзе ён прачытаў больш за 150 кніг. Пераважна гэта былі кнігі на ваенную тэматыку: дзённікі, энцыклапедыі, проза.
Усіх чытачоў узнагародзілі каштоўнымі прызамі.
Закончылася ўрачыстасць чаяваннем. Таму што дзе яшчэ, як не за кубачкам добрай гарбаты, абмяркоўваць толькі што прачытаную кнігу?