Прэмію Амерыканскай акадэміі кінематаграфічных мастацтваў і навук ўручаюць у 24 намінацыях. Пераможцы атрымліваюць статуэтку – фігурку рыцара, які трымае перад сабой меч і стаіць на шпульцы з кінастужкі. Пяць яе спіц сімвалізуюць пяць самых першых гільдый акадэміі: акцёраў, рэжысёраў, прадзюсараў, кінатэхнікаў і сцэнарыстаў.

Аб’яўляючы галоўную ўзнагароду “Оскара” ў намінацыі “Лепшы фільм”, Уорэн Біці атрымаў памылковы канверт і таму назваў не таго пераможцу. Так сам акцёр патлумачыў замінку ў эфіры цырымоніі, якую трансляваў тэлеканал ABC.

Толькі пасля таго, як здымачная група выйшла на сцэну са словамі падзякі, прадстаўнік арганізатараў выйшаў на сцэну і сказаў, што адбылася памылка. На самай справе ў намінацыі “Лепшы фільм” перамагла карціна “Месяцовае святло”.

– Гэта не жарт, “Месяцовае святло” стала “Лепшай карцінай”, – сказаў прадстаўнік прэміі.

На працягу некалькіх хвілін на сцэне была замінка і неразуменне таго, што адбываецца. Думалі, ці не розыгрыш гэта.

– Я адкрыў канверт. Там было напісана “Эма Стоўн “Ла-ла Лэнд”, – сказаў Біці, патлумачыўшы, што менавіта таму ён цягнуў з аб’явай пераможцы.

Адкрыўшы канверт, акцёр не адразу абвясціў назву карціны, але для аўдыторыі гэта выглядала як наўмыснае расцягванне часу і “гульня на нервах” намінантаў. Нягледзячы на ​​скандал, мюзікл “Ла-ла Лэнд” стаў лідарам па ліку ўзнагарод, хоць і не пабіў рэкорд.

Фільм атрымаў шэсць “залатых статуэтак” з 14 намінацый. Узнагароду атрымаў 32-гадовы рэжысёр Дэмьен Шазэл, які стаў самым маладым рэжысёрам, а таксама выканаўца галоўнай ролі Эма Стоўн. Акрамя таго, стужку адзначылі за лепшы саўндтрэк, песню “Горад зорак”, працу мастака-пастаноўшчыка, аператарскую працу.