Калі ты добра вучышся, паспяхова ўдзельнічаеш у конкурсах, алімпіядах, канферэнцыях, спаборніцтвах, а да таго ж вучань даўгінаўскай школы, то можаш паўдзельнічаць у конкурсе “Вучань года”.

Сёлета за гэты прэстыжны статус змагаліся 20 вучняў даўгінаўскай школы.

Конкурс “Вучань года” зладзілі тут у пачатку лютага. Яго прымеркавалі да 155-гадовага юбілею школы і да Года навукі.

За некалькі дзён вучні-ўдзельнікі ад 2 да 11 класа падалі заяўкі і падрыхтавалі свае партфоліа. У іх хлопчыкі і дзяўчынкі размясцілі фотаздымкі, дыпломы, малюнкі, розныя вырабы і іншыя доказы сваіх поспехаў.

На конкурс прадставілі 20 партфоліа. Фота забяспечана Дзмітрыем Машонскім.

На конкурс прадставілі 20 партфоліа. Фота забяспечана Дзмітрыем Машонскім.

Усяго ў аргкамітэт конкурсу падалі 20 заявак і столькі ж аформленых у творчай форме партфоліа.

Калі члены журы пазнаёміліся з матэрыяламі – правялі ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання. Яна адбылася ў актавай зале школы.

З дваццаці лаўрэатамі сталі дзевятнаццаць

Лаўрэатамі конкурсу сталі 19 вучняў. Іх  узнагародзілі ў розных намінацыях.  У намінацыі “Разумнікі і разумніцы” за поспехі ў вучобе адзначылі Аляксандра Пратасевіча, Валерыю Віркоўскую і Кацярыну Красоўскую.

Лепшымі ў намінацыі “Інтэлект і творчасць” сталі Анастасія Ляшковіч, Дыяна Седая, Мацвей Кароль.

Адзначылі хлопцаў, якія паспяхова займаюцца фізкультурай, удзельнічаюць у школьных і раённых спартыўных спаборніцтвах. Яўгенія Гапановіча, Ягора Зарэцкага і Арцёма Анкуду адзначылі ў намінацыі “Спартыўны п’едэстал”.

Зусім нядаўна пачаўся школьны шлях для самых маленькіх удзельнікаў конкурсу. Вучні пачатковых класаў Антон Сакалоўскі і Марыя Жаўток атрымалі свае ўзнагароды ў намінацыі “Паспяховы дэбют”.

Пераможца і ўдзельнікі. Фота забяспечана Дзмітрыем Машонскім.

Пераможца і ўдзельнікі. Фота забяспечана Дзмітрыем Машонскім.

Лізавету Бяльковіч, Алесю Каралёву,  Ганну Сяліцкую, Анастасію Паплёўку, Дыяну Скадыню, Іллю Тонкавіча адзначылі як “Надзею школы. А ў намінацыі  “Лепшае партфоліа” перамаглі Сафія Пратасевіч і Крысціна Аксючыц. Усіх лаўрэатаў конкурсу ўзнагародзілі дыпломамі і салодкімі падарункамі.

Вучань года Дзяніс Яскевіч: Трэба заўсёды імкнуцца ўверх

Але хто ж стаў абсалютным пераможцам конкурсу. Хто ён – самы лепшы вучань у Даўгінаве?

Тут рашэнне журы было адзінадушным. Абсалютным пераможцам стаў вучань 11 класа Дзяніс Яскевіч.

Хлопца ведаюць у школе як выдатніка вучобы, пераможцу раённай і абласной прадметнай алімпіяды па фізіцы. Прычым перамагае там даўгінаўскі вучань на працягу трох гадоў.

Дзяніс удзельнічаў і перамагаў у раённым і абласным конкурсе работ вучняў даследчага характару, конкурсе “Энергамарафон”. Яшчэ ён добры спартсмен, удзельнік і пераможца спартыўных спаборніцтваў.

Не так даўно ў раёне ладзілі конкурс тэхнічнай творчасці для школьнікаў “Думаем, ствараем, вынаходзім”. Там Дзяніс Яскевіч перамог у намінацыі “Тэхнічнае мадэляванне” і прывёз дыплом другой ступені.

Дзяніс – творчы чалавек, член раённага Моладзевага парламенту. А яшчэ  гэта надзейны сябар, добразычлівы чалавек, станоўчы прыклад для ўсіх вучняў у сваіх паводзінах і старанні.

Кульмінацыйным момантам цырымоніі стаў зварот Вучня года-2017 Дзяніса Яскевіча да аднагодкаў і малодшых таварышаў. Пераможца ў ненадакучлівай форме патлумачыў прысутным, што трэба выкарыстоўваць кожны момант жыцця, кожны ўрок, які праводзіш у школе.

Зварот да вучняў.  Фота забяспечана Дзмітрыем Машонскім.

Зварот да вучняў. Фота забяспечана Дзмітрыем Машонскім.

Трэба, каб атрыманыя ў школе веды, сталі тваім унутраным здабыткам, лічыць Дзяніс.

На цікавых прыкладах Дзяніс даказаў  прысутным вучням, што можна бесперапынна ўдасканальвацца нават з дапамогай наяўных амаль у кожнага сродкаў: смартфонаў, гаджэтаў, камп’ютараў.

  – Заўсёды трэба імкнуцца ўверх, нягледзячы на тое, дзе ты жывеш і што з табой адбываецца, –  перакананы выпускнік.

Дзяніс падзякаваў сваім бацькам і педагогам,  якія былі побач з ім на працягу шэрагу гадоў і дапамагалі на нялёгкім  шляху да поспеху.

Напрыканцы цырымоніі дырэктар школы Іван Навуменка аб’явіў, што ўсе вучні даўгінаўскай  школы і іх бацькі змогуць у бліжэйшы час пазнаёміцца з прадстаўленымі на конкурс партфоліа на класных гадзінах і бацькоўскіх сходах.

Магчыма, кагосьці гэта натхніць на тое, каб пачаць працу над зборам уласных дасягненняў і ўзнагарод.

Конкурс працягваецца і чакае новых імёнаў.