На жаль, у Беларусі любяць ускладняць тое, што магло б быць простым і лагічным. Ствараюцца бар’еры, каб іншыя мужна іх пераадольвалі. І аматары бар’ераў не могуць сабе ўявіць нават, што такімі “іншымі” могуць стаць яны самі. Жыццё непрадказальнае.

У Літве ёсць цікавае месца для адпачынку і рэабілітацыі людзей на інвалідных вазках. Усё максімальна зручна, безбар’ерна і проста. На самым беразе Балтыйскага мора – паміж Палангай і Швянтоі – размясціўся кемпінг для вазочнікаў ды іх сямей – Монцішкес. З канца красавіка да пачатку лістапада тут дзейнічае 14 рэабілітацыйных праграмаў для людзей,што нядаўна атрымалі траўмы. Мастацтва, спорт, народныя промыслы.

На працягу 10 дзён вазочнік з суправаджаючым адпачывае тут бясплатна і вучыцца жыць нанова пасля атрыманай траўмы.

Людзі, што ўжо навучыліся жыць пасля траўмы (а выбару няма па вялікім рахунку!), маюць магчымасць адпачыць на моры раз на год па вельмі сціплых коштах. Разам з сям’ёй і сябрамі. Кемпінг падтрымліваецца дзяржавай і фундатарамі-прыватнікамі. Тут могуць жыць адначасова 150 чалавек. “Старыя” вазочнікі міжволі натхняюць “новых”, даказваючы не на словах, а на справе, што жыццё пасля траўмы ці хваробы не спыняецца.

Балтыка. Фота Дар'і Ліс.

Балтыка. Фота Дар’і Ліс.

Монцішкес. Фота Дар'і Ліс.

Монцішкес. Фота Дар’і Ліс.

У свой час Асацыяцыя параплегікаў Літвы атрымала грошы ад дзяржавы на развіццё, як і некаторыя іншыя арганізацыі людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. І вельмі ўдала гэтыя грошы скарыстала, стварыўшы цудоўную прыморскую базу адпачынку.

Аналагаў ёй у суседзяў няма. Не бальніца, не санаторый – месца, дзе людзі на вазках могуць жыць, адпачываць, знаёміцца і дзяліцца досведам. Самастойна. Загараць, плаваць, смажыць шашлык.

Пасля развалу СССР усе былыя рэспублікі імперыі раптоўна зразумелі, што правы чалавека з інваліднасцю доўгі час парушаліся, і варта сітуацыю выпраўляць, калі мы імкнемся быць разам з цывілізаваным светам. Літоўцы хацелі трапіць у Еўропу і… маюць значныя поспехі ў параўнанні з беларусамі ў дадзеным накірунку.

Монцішкес. Фота Дар'і Ліс.

Монцішкес. Фота Дар’і Ліс.

Монцішкес. Фота Дар'і Ліс.

Монцішкес. Фота Дар’і Ліс.

У беларусаў няма свайго мора, але ж ёсць рэкі і азёры. Вельмі прыгожыя. Чаму нельга пабудаваць на Нарачы лагер-кемпінг для вазочнікаў і іх блізкіх? Дакладней, чаму б нашым вазочнікам не прапанаваць такі праект нашай жа дзяржаве? Чаму б той яго не падтрымаць? Адказ на гэтыя пытанні – асобная тэма і гісторыя асобная.

П.с. кошт пражывання ў безбар’ерным доміку для беларусаў склаў 11 еўра з чалавека за суткі. Гэта значна танней, чымсьці беларускі санаторый ці літоўскі прыморскі гатэль. Са “сваіх” бяруць значна менш, што цалкам
справядліва.