Раённая квэст-гульня “Прававы турнір” прайшла ў Маладзечанскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік” 25 лютага.

У ёй прынялі ўдзел каманды сярэдніх школ №1, 4, 9, 14, гімназій № 6, 10, а таксама Палачанскай СШ. Пасля прадстаўлення “візітных картак” удзельнікі адправіліся па станцыях згодна маршрутным лістам.

На станцыі “Знамянальныя даты календара” вучням прапанавалі праверыць веданне дзяржаўных і міжнародных святаў. Літаратурная віктарына заключалася ў тым, каб вызначыць права, якім скарысталіся казачныя персанажы. “Шукалі” пэўныя правы нават ў песнях. Даўжэй за ўсё ўдзельнікі затрымаліся на станцыі “Што? Дзе? Калі?”, бо ім давялося даваць адказы на пытанні ў шасці раўндах гульні.

Таксама юныя прававеды расшыфроўвалі рэбусы, складалі псіхалагічны партрэт гаспадара рэчы, афармлялі рэкламную ўлётку, накіраваную на папярэджанне правапарушэнняў сярод моладзі.

– Мерапрыемства спадабалася, цікавыя заданні, было лёгка працаваць у камандзе, – падзяліўся ўражаннямі Аляксандр Ясевіч з Палачанскай сярэдняй школы. – Самым складаным для нас было адгадваць розныя паняцці і даты. На станцыях мы адчувалі сябе камфортна, таму што вядучымі былі нашы аднагодкі – прадстаўнікі моладзевых парламента і прэс-цэнтра.

Пераможцай турніру стала каманда Маладзечанскай сярэдняй школы №4. Дыпломы лаўрэатаў атрымалі прадстаўнікі СШ №1 і гімназіі № 10 Маладзечна.

Фота Кацярыны Дварэцкай.

Фота Кацярыны Дварэцкай.