Гэта вялікае шчасце ўспамінаць нашу незабыўную пані Ядзю, мастачку Ядвігу Іосіфаўну Раздзялоўскую.
Усе, хто быў знаёмы з ёй, памятаюць, якім светлым, таленавітым чалавекам яна была. Мы заўсёды стараемся памятаць аб тым, што мы яе вучні ў мастацтве і паўсядзённым жыцці.
Нарадзілася Ядвіга Іосіфаўна ў Польшчы, у горадзе Бяла Падляска. У Лодзі і Варшаве атрымала на той час добрую мастацкую адукацыю.
Валодала некалькімі замежнымі мовамі, іграла на фартэпіяна, пісала вершы і шмат малявала.
Яе любімым кампазітарам быў Фрэдэрык Шапэн. Невыпадкова яны ўдваіх нарадзіліся ў першы дзень вясны, 1 сакавіка.
Цяжкія гады вайны закінулі яе ў Беларусь, дзе Ядзя Лясьеўская сустрэлася з цудоўным чалавекам, сваім будучым мужам Вадзімам Андрэевічам Раздзялоўскім.
Некаторы час жылі ў Баранавічах. Потым мужа пераводзяць на працу галоўным эканамістам Маладзечанскага гармалзавода, і яны былі вымушаныя пераехаць у Маладзечна.
Пары выдзелілі двухпакаёўку на вуліцы Віленскай, дом №5.
Мастаку дадзена бачыць за палатном тое, што глядач не бачыць на палатне
Мясцовыя мастакі сталі знаёміцца паміж сабой, і ў іх узнікла думка стварыць у Маладзечне студыю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва для дарослых пры абласным Доме народнай творчасці. Кіраўніком на той час быў паэт, рэжысёр, вядомы энтузіяст культуры Віктар Іванавіч Носаў.
Выкладчыкамі студыі сталі: Ядвіга Раздзялоўская, Кастусь Харашэвіч, Эмір Асановіч, Павел Герасіменка, Сямён Кісель.
Без усякай аплаты яны праводзілі свае заняткі. Нават калі ў Ядвігі Іосіфаўны цяжка захварэў муж, яна прыходзіла, згодна з раскладам, праводзіць свае ўрокі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
У гэты час мне і давялося быць вучнем студыі. Сярод іх былі Юрась Герасіменка, Васіль Лазоўскі, Іван Смальякоў, Пётр Дземаў, Ірэна Ханеўская.
У студыі былі нават тыя, хто пасля працы на заводзе прыходзіў вучыцца, напрыклад, як родныя браты Бараўцы.
Нам вельмі важнымі былі гутаркі нашых выкладчыкаў пра тое, як захапляцца прыгожым і разумець яго, як трэба паводзіць сябе на выставах.
Ядвіга Раздзялоўская. Партрэт Юрася Герасіменкі-Жызнеўскага
У Маладзечне пачалі праходзіць першыя выставы.
На адной з выстаў глядач пытаецца:
– Что это за мазня? Объясните нам.
Аўтар, для інтрыгі не буду называць яго прозвішча, вядомы беларускі мастак, родам з Маладзечна, кажа:
– Мастаку дадзена за палатном бачыць тое, што звычайны смяротны не ўбачыць на палатне.
І раптам крык з другога боку залы:
– Нет, извините! Вы кому рисуете? Советскому человеку и с какой стороны?
Мне было вельмі няёмка ад нявыхаванасці гэтага мясцовага чыноўніка.
Калі ў горадзе пачаў працаваць афарміцельскі цэх Мінскага абласнога вытворчага камбіната Саюза мастакоў БССР, пра Маладзечна загаварылі як пра горад мастакоў.
Загучалі такія імёны: Рыгор Нарчук, Генадзь Селядзец, Алесь Пашкевіч, Васіль Лазоўскі, Пётр Лазоўскі, Пётр Гулевіч, Вячаслаў Палівода, Яўген Шчарбіцкі, Віктар Камлюк, Іван Смальякоў, Мікола Аўчыннікаў, Рыгор Мяжуеў, Святлана Багрыцэвіч.
Да 90-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча Юрасю Герасіменку-Жызнеўскаму прыйшла думка стварыць у нашым горадзе клуб аматараў мастацтваў, аб’яднаўшы ў адну суполку мастакоў, літаратараў і музыкантаў.
Старшынёй абралі мяне, а базай клуба стала дзіцячая музычная школа.
Для выставы Юрась з вучнямі студыі, якую ён тады вёў, выканалі вітражы па матывах паэзіі Максіма Багдановіча. Іх размясцілі ў спецыяльна зробленыя скрынкі і падвялі асвятленне.
На сцэне прамоўцы: кандыдаты гістарычных навук Мікола Ермаловіч і Генадзь Каханоўскі і краязнаўца Вячаслаў Ляшковіч.
Ён паставіў мемарыяльны камень, пасадзіў Максімаў сад і вярнуў людзям крынічку ў вёсцы Ракуцёўшчына. Менавіта ён прапанаваў правесці першае свята паэзіі ў Ракуцёўшчыне. Я пагадзіўся, і з таго часу не адзін дзясятак гадоў яно праходзіць штогод.
Мне вельмі захацелася правесці вечар з паэтычнай назвай “Гучаць цымбалы на зямлі Купалы” ў Яхімоўшчыне.
У фае вясковага клуба зрабіў фотавыставу “Песняры зямлі беларускай” з уласных здымкаў па мясцінах Янкі Купалы, Якуба Коласа, Францішка Багушэвіча і Максіма Багдановіча.
Некалькі месяцаў на слайды здымаў ваколіцы Яхімоўшчыны і яе жыхароў.
Роберт Целяпнёў, удзельнік тэлевізійнага слайд-клуба “Спектр” пад кіраўніцтвам франтавога фотакарэспандэнта Аляксандра Дзітлава, аздобіў фільм сваімі таленавітымі кадрамі.
Лічу за вялікі гонар, што меў шчаслівую магчымасць іграць на сваіх родных беларускіх цымбалах у гэтым маляўнічым куточку купалаўскай зямлі.
У рэспубліцы віравала мастакоўскае жыццё. Мы ганарыліся нашымі маладзечанскімі мастакамі.
Ніколі не забуду, калі каля карціны “Мат” Ядвігі Раздзялоўскай на выставе ў Палацы мастацтваў раздаваліся бурныя апладысменты.
Твор быў напісаны да Дня Перамогі. На карціне шахматная дошка. Чорны кароль заціснуты ў кут белымі пешкамі. Нервова раскіданыя шахматныя фігуры і велічна гучыць букет палявых кветак.
На адной з выстаў у Мінску народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, прафесар, скульптар Анатоль Анікейчык сказаў:
– Нацюрморты Ядвігі Раздзялоўскай могуць вісець у лепшых карцінных галерэях Еўропы.
“Маэстро, вы неисправимы”
Нялёгкім было жыццё ў пані Ядзі. Маляваць даводзілася ў кватэры, паставіўшы твор на ложак.
У Гарачым Ключы Краснадарскага краю Саюз мастакоў СССР выдзеліў ёй кавалачак зямлі пад творчую майстэрню, дачу.
З Беларусі вазілі дошкі, вокны, дзверы, шкло, шыфер, цвікі, каб зляпіць хатку.
Потым яна там і малявала. Прывозіла рулоны твораў, якія тут мы нацягвалі на падрамнік і афармлялі ў рамы.
Серыю твораў “Дагестан” і некалькі нацюрмортаў яна падарыла сваёй радзіме, Польшчы.
Польскі бок з радасцю прыняў такі падарунак з рук зямлячкі, узнагародзіўшы яе ганаровым знакам “Заслужаны для культуры Польскай”.
На вялікі жаль у Беларусі ёй не знайшлося ні ганаровага звання, ні ўзнагарод.
Я не мастацтвазнаўца, але лічу яе гонарам беларускага выяўленчага мастацтва.
Толькі ў 80-гадовым узросце ў Маладзечне ёй выдзелілі майстэрню. Калі тут ужо было маляваць!
Па чарзе раніцай мы адводзілі яе ў майстэрню, а вечарам забіралі.
Сотавых тэлефонаў тады не было, і цэлы дзень на працы душа хвалюецца.
Ёй вельмі дапамагалі Юрась і Валянціна Герасіменкі, пані Люся Зільберт з Мінска і швагерка Алімпіяда Чычуліна з Каломны.
Пані Ядзя любіла тонкі гумар і сама магла пажартаваць.
Аднойчы на эцюдах у Гальшанах мы вырашылі пагрэцца, бо была халодная і дажджлівая восень.
Эцюднік на ножках з закрытай накрыўкай – гэта наш стол. Газета – абрус.
Метраў за 50 Ядвіга Іосіфаўна ўжо працуе. Мы клічам яе снедаць, а яна ў адказ:
– Ребята. Я с утра не употребляю.
Стала так сорамна, што мы разабралі свой нацюрморт, паклалі яго ў сумкі і пайшлі займацца кожны сваёй справай.
Альбо такі выпадак. Першага сакавіка мастакі заўсёды збіраліся ў пані Ядзі. Яна пытаецца ў мяне:
– Сколько вы думаете брать алкоголя?
– Чым больш, тым лепш.
Пасля паўзы:
– Много алкоголя на столе – низкая культура.
– Яно то так: але калі на стале адна культура, а алкаголю няма, таксама дрэнна.
– Маэстро. Вы неисправимы.
А размова ішла пра дзве бутэлькі віна, якія я павінны быў выкупіць у вялізнай чарзе па талонах.
Аднойчы ў магазіне “Юбілейны” да мяне падышла мама вучаніцы:
– Вы купляеце для мастачкі?
– Так.
– Падыдзіце ў аддзел цукерак, толькі не заўважна, я вам дам для яе кавалачак варанай кілбасы. Так я і зрабіў.
З парога крычу:
– Ядвіга Іосіфаўна. Паглядзіце, якое багацце я прынёс.
Дапытаўшы мяне строгім голасам, сказала:
– Нет людям. Не надо и мне. Прошу вас, больше никогда так не делайте.
Перажылі мы з ёй усё: і талоны, і купоны, і картачкі. Але яна ніколі не скардзілася на Беларусь.
Страціўшы мужа, яна значна паслабела. Але хадзіла без кіёчка. Калі было трэба, брала з сабой сумку на колцах, на яе і абапіралася.
Вясной адсвяткавалі яе 90-годдзе, а восенню яе не стала.
Юрась Герасіменка тады сказаў, што трэба неяк зрабіць надмагільны помнік і мемарыяльную дошку са сціплага мікашэвіцкага каменя.
Пайшлі ў выканкам да Яфіма Ідэльчыка. Той ветліва нас сустрэў, запрасіў Паліну Вашкевіч. Інтэлігентным людзям не давялося доўга тлумачыць, хто такая Ядвіга Раздзялоўская.
Нам сказалі:
– Рабіце ўсё, як лічыце патрэбным, а грошы мы вам знойдзем.
Юрась выканаў эскізы, неўзабаве мы ўсё ўстанавілі.
Праз некаторы час не стала і самога Юрася.
Горад нібы асірацеў.
* * *
Як нам хочацца мець у горадзе выставачную залу і выканаць партрэт Ядвігі Раздзялоўскай з бронзы ў дапаўненне да мемарыяльнай дошкі на доме па вуліцы Віленскай, 5.
Дзіцячая мастацкая школа мастацтваў просіць надаць ёй імя Ядвігі Раздзялоўскай.
Юрася Герасіменку-Жызнеўскага трэба ўвекавечыць мемарыяльнай дошкай з бронзы на доме, дзе ён жыў на вуліцы Прытыцкага.
Мы не просім ні манументы, ні фантаны. Мы просім увекавечыць іх памяць і аддаваць даніну павагі славутым Беларускім Мастакам.