Ранак 28 лютага ў кватэры на вуліцы 1 Мая пачаўся драматычна. Сюды ўварваўся мужчына ў масцы з пнеўматычнай вінтоўкай.

Нават не ўварваўся. 19-гадовы хлопец, які знаходзіўся ў кватэры, сам адчыніў дзверы хулігану.

Той пачаў пагражаць вінтоўкай хлопцу і яго знаёмай, якая была ў кватэры, і патрабаваць, каб хлопец выклікаў гаспадароў.

Праз 3-5 хвілін гаспадары, маці хлопца з сужыцелям, прыйшлі.

Пачалася бойка, у выніку якой хулігана выштурхнулі з кватэры. Той уцёк.

Праз некаторы час яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Хуліган – 19-гадовы жыхар Вілейкі. З хлопцам, які жыве ў кватэры, яны былі знаёмыя.

Пакаранне, прадугледжанае ў Крымінальным кодэксе за хуліганства, складае ад трох да дзесяці гадоў.

Па папярэдняй версіі, хуліган хацеў проста напалохаць людзей.

Пра гэта расказаў начальнік Вілейскага РАСК Яўген Мягкоў.