У Дзяржынску кандуктар высадзіў дзесяцігадовую школьніцу з аўтобуса, таму што ў дзяўчынкі не было даведкі пра вучобу. Яна вярталася ад цёткі дадому, ехала з аднаго канца горада ў іншы на аўтобусе № 1. У вілейскім аўтапарку не зразумелі паводзіны дзяржынскай кандуктаркі. Кажуць тут такіх выпадкаў не было.

Вядучы інжынер аддзела перавозак вілейскага аўтапарка Тамара Субач, пераканала што ў Вілейцы падобных выпадкаў ніколі не было.

 – Як можна высаджваць дзіця з аўтобуса? – не разумее супрацоўніца аўтапарка.

Па словах Тамары Субач, быў афіцыйны ліст з Мінтранса, дзе прапісалі, што дзяцей нельга высаджваць з аўтобуса, нават калі няма даведкі. З усімі работнікамі кіраўніцтва аўтапарка праводзіла гутарку на гэтую тэму.

Інцыдэнт у Дзяржынску адбыўся 26 лютага каля 16:20. Дзяўчынку высадзілі на ўскраіне. Яна не разумела, у які бок ісці, дык разгубілася і расплакалася. Спытаць, дзе яна знаходзіцца, не было ў каго. Дзяўчынка патэлефанавала маме, якая чакала яе на прыпынку каля дома, і тая паехала ёй насустрач.

 – Дачка забылася ў той дзень даведку, але ж нельга з-за гэтага высаджваць дзіця ў чыстым полі! – абураецца мама Яны Ілона. – У той дзень ішоў снег. Калі я дабралася да Яны, яна была ўся акалелая і мокрая. Я прасіла яе даведацца ў прахожых, дзе яна, а яна мне адказала: “Мамачка, тут нікога няма”.

Маці Яны на наступны ж дзень напісала заяву ў парк № 15 ААТ “Мінаблаўтатранс”. Дырэктар Сяргей Пятліцкі, па яе словах, адразу ж папрасіў прабачэння за інцыдэнт, абяцаў запрасіць маму з дачкой у аўтапарк, каб дзяўчынка апазнала кандуктара.